Беларусбанк аднавіў прыём пашкоджанай замежнай валюты

У тэлеграм-канале Беларусбанка паведамілі, што з 13 студзеня банк аднавіў прыём на інкаса наяўнай замежнай валюты ў далярах ЗША і еўра, якая выклікае сумнеў у плацежнасці.

16.01.2025 / 16:45

Працэдура «інкаса» прадугледжвае накіраванне нейкім чынам пашкоджаных купюр (напрыклад, з цвіллю) на праверку ў замежны банк за камісійную ўзнагароду.

У Беларусбанку пашкоджаныя купюры будуць прымаць з камісіяй у 5% ад сумы валюты ў эквіваленце беларускіх рублёў (але мінімальная сума камісіі — 25 рублёў). Дадаткова кліент пакрывае суму расходаў, панесеных банкам у рамках дагаворных адносін з банкамі-контрагентамі.

Акрамя Беларусбанка, падобная функцыя даступная і ў Белгазпрамбанку. Тут пашкоджаныя даляры і еўра мяняюць на аналагічныя банкноты ў той жа валюце з камісіяй у 12% ад сумы, але не менш за 3 рублі. Паспрабаваць зрабіць такі абмен можна толькі ў аддзяленнях банка. Як правіла, такія пытанні вырашаюцца непасрэдна ў момант звароту адразу пасля таго, як спецыяліст праверыць купюру.

Беларусбанк таксама заявіў, што ў яго няма абмежаванняў па прыёме даляраў старога ўзору. Уся валюта ЗША застаецца законным плацежным сродкам, незалежна ад таго, калі яна была выпушчаная.

Перад гэтым у Беларусі шырока распаўсюдзіліся чуткі, што ў беларускіх банках будуць прымаць толькі даляравыя купюры найноўшых узораў. 

Ці праўда, што ў абменніках не прымаюць даляры старога ўзору?

Нацбанк патрабуе ад банкаў спыніць крэдытаванне расіян

Сын скраў у бацькі 6700 даляраў і падклаў сувенірныя

Nashaniva.com