Інстытут тэалогіі БДУ запрашае на вучобу хрысціянскую моладзь
15.03.2010 / 12:58
Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ запрашае на вучобу хрысціянскую моладзь. Дзень адчыненых дзвярэй адбудзецца 29 сакавіка ў 14.00 у будынку ўстановы па адрасе: (Мінск, пр. Незалежнасці, 24, аўдыторыя 307).
На сённяшні дзень у інстытуце пераважаюць навучэнцы праваслаўнага веравызнання, аднак частка студэнтаў з’яўляецца прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла. Навучанне ва ўстанове могуць праходзіць і прадстаўнікі іншых канфесій.
Інстытут вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасці «тэалогія» з кваліфікацыяй «тэолаг‑рэлігіязнаўца, выкладчык этыкі, эстэтыкі і культуралогіі». Ва ўстанове дзейнічае магістратура па спецыяльнасці «рэлігіязнаўства, філасофская антрапалогія, філасофія культуры». Выпускнікам магістратуры надаецца ступень магістра філасофіі.
Тэрмін навучання ў інстытуце: 5 гадоў па спецыяльнасці «тэалогія» і 1 год — магістратура.
Падрыхтоўка студэнтаў здзяйсняецца па пяці блоках дысцыплін: хрысціянская тэалогія, старажытныя і сучасныя мовы, дысцыпліны філасофска‑культуралагічнага цыкла, дысцыпліны псіхолага‑педагагічнага плана.
Узначальваюць кафедры высокакваліфікаваныя спецыялісты — дактары і кандыдаты багаслоўя.
Установа супрацоўнічае з тэалагічнымі факультэтамі заходнееўрапейскіх універсітэтаў, паміж якімі на базе дамоваў здзяйсняецца абмен студэнтамі і выкладчыкамі. На дадзеным этапе вядзецца падрыхтоўка да падпісання дамовы з тэалагічным факультэтам Кракаўскага універсітэта.
Інстытут штогод прымае высокіх гасцей з Еўропы. Ганаровым доктарам інстытута з’яўляецца, у прыватнасці, арцыбіскуп Ліёнскі кардынал Філіп Барбарэн.
Ва ўстанове вялікая ўвага надаецца місіянерскай працы студэнтаў, маецца студэнцкі тэатр, студэнцкі лялечны тэатр, студэнцкі хор.
Іншагароднія студэнты пражываюць у добраўпарадкаваных інтэрнатах БДУ, маюць магчымасць адпачываць у студэнцкім санаторыі‑прафілакторыі БДУ.