Супрацьпяхотныя міны
Сяргей Астравец змяшчае на сваім блогу пачатак новага апавядання.
17.03.2010 / 13:34
Затаварыліся, братка, склады перапоўнены, завод у крызісе, міны ніхто не бярэ. Нікому не патрэбны сталі нашыя цацкі.
А нам што рабіць, чым карміць сям’ю? Нікога не цікавіць. У нас вытворчасьць была ўзорна стабільнай заўжды, ніякіх перапынкаў на канвэеры, ніякіх зрываў, усё як па маслу йшло. Тавар‑грошы‑тавар, як вучылі клясікі. Ну, ці можа, мянялі на штось у спажыўцоў, на бананы і каву, ананасы і салетру якую, нам не дакладвалі. Але рабочаму гэта й не патрэбна, галоўнае заробак стабільны, прэміялка. Нам палітыка навошта? Нам, галоўнае, змазаны канвэер: вытворчасьць, попыт, эканамічныя паказчыкі, спаборніцтва за вынікі — хто болей, лепей, за перадавыя лічбы, на дошцы гонару ніхто ня супраць быў.
Але няма таго, што раньш было. Раней усім толькі давай, вагонамі вывозілі, а цяпер задарма браць ня хочуць. Канвэнцыя, бач, гэта нам ідэоляг любіць тлумачыць, што няма заробкаў, гэта яго хлеб. Забаранілі, а нашы не падпісалі. Лёкка ім, калі няма сваёй вытворчасьці, адна эканомія атрымліваецца, а што нам рабіць, з чаго жыць? Нашыя дзяды партызанілі, трэба партызанам прадаваць, мужчыны гаварылі ў курылцы, іншага выйсьця няма. Партызан, ён не па падручніках ваюе, у яго статутаў нямашака, ён канвэнцый не падпісваў, ён сам сабе камандзір, над ім няма генштабоў, галоўнакамандуючых, урадаў і палітыкаў. Партызан сам сабе гаспадар у лесе, ці ў гарах, скажам, у джунглях, у тайзе, нават у пустыні часам, у барханах. У партызанаў такая спэцыяльнасьць — міны падкладаць, у іх рукі папросту сьвярбяць.
Мы ў курылцы толькі пра гэта і размаўляем, будуем замкі на пяску, марым, што калісьці нейкае партызанскае войска, далёкае і незнаёмае, таямнічае аднойчы падчысьціць нашыя запасы і пакіне падарунак — замову на вагон, ці адразу на два‑тры. Хаця ў партызанаў вечна няма чым плаціць. Але ж мяняць, як раней, міну на ананас, якіх вечна не хапала, да нас ніколі не даходзілі, так мяняць сёньня сабе даражэй будзе. Але ж усё роўна, калі не партызаны, то хто? Салодкія мары, што зробіш, зубы на паліцу не пакладзеш, зубам цыгаркі замала сьціскаць, пажаваць хочацца, нават калі няма нічога, вось асабліва тады. Мы як у тым рамане італьянскім, дзе чакалі цэладзённа з Татарскай пустыні — аднекуль з горных пустак раптоўнага надыходу варожай навалы. Заўжды напагатове, на нэрвах, старэлі, сівелі, зношваліся ў чаканьні, але не жадалі пакідаць фартэцыю. Нябачнае войска іх гіпнатызавала на адлегласьці, самай міражнай — адлегласьці часу, нібы фата маргана ў пясках, яна распальвала іх, разьвярэджвала адвечныя раны — неспатольную смагу, прагу подзьвігаў, геройства, ордэнскіх стужак, эпалетаў, вяртаньня згары ў сталічны горад пад залпы гармат, фэерверкі, пад літаўры і паветраныя пацалункі самых пекных жанчын.
Але я адхіліўся. Так, мы сапраўды не пакідаем працоўнага месца да сканчэньня зьмены, пакуль не пагасяць сьвятло, хаця нічога ня робім, толькі перакуры і лясы точам. Ніхто не пакідае варштаты. Але ніхто нікога не прымушае штодня вяртацца на завод, у цэх. Гэта нават не адданасьць прадпрыемству або прафэсіі. Мы проста чакаем, што канвэер аднойчы аджыве, акрыяе, задыхае, што гэта здарыцца раней, чымсьці паржавее транспарцёрная стужка, падшыпнікі, і ўсё стане непрыдатным да вытворчасьці, па крайняй меры без грунтоўнага рамонту. Мы нібы прыходзім штораніцы на прыстань, каб зноўку прамадзець дзень у спадзяваньні першым заўважыць доўгачаканы ветразь надзеі.
Ніхто не прызнаецца, але кожны чакае першым атрымаць новую працу. Кожнаму здаецца: ён першым трапіцца на вочы начальству, першы зможа зарабіць, сьціснуць купюру ці лепей некалькі, дачакацца пасьля зьнясільнай сухмені вады з неба (на паэзію пацягнула, братка). А калі ты застаўся дома, заспаўся, дэпрэсію адчуў, ці проста спазьніўся? Гаротнік! Недарэка! Працы на ўсіх можа не хапіць, бо партызанская армія можа аказацца толькі дывэрсыйнай групай. Так, можа не хапіць і ня хопіць амаль дакладна. Бо калі яе чакаюць дзьвесьце чалавек разам, у адным жаданьні, якія злучаны доўгім чаканьнем, а яе няма й няма, шанцы, што яна знойдзецца адразу для ўсіх чатырохсот рук — мізэрныя да нікчэмнасьці. Спадзяваньні на манну з нябёсаў, здаецца, нас не датычаць, нам выпадае адно летуценіць аб скарынцы, але — вельмі пажадана — з маслам, хаця б з бутэрбродным.
Мазалі зьніклі з далоняў, пакуль мы чакаем. Ганцы дзесь падарожнічаюць, спрабуюць знайсьці пакупніка. Рэкляму не дасі на радыё ці ў газэце. Дзесь яны ёсьць, павінны быць—нашыя кліенты. Ня выключана, што замежныя купцы дзесь шукаюць тавару, але ніяк не сутыкнуцца з нашымі, нібы караванныя шляхі разыходзяцца ў пустыні, нібы не патрапяць на аазіс, ім таксама вядома, што марна гартаць рэклямныя выданьні, супрацьпяхотныя міны там не знайсьці. Выпускі абвестак увогуле аднабаковыя, скажоныя, раздражняюцца ня толькі пэнсыянэры. Мы ходзім на працу цераз плошчу з танкам, ходзім міма вулічнага экрана, на якім мігацяць рэклямныя ролікі як у нямым кіно, сэканомілі на гуку айцы горада, няважна, раздражняе схаванае заахвочваньне: полымя са словамі — «Сагрэй сваю душу» і подпіс —«Губэрнтарoff» — гэта марка нашай гарэлкі, на смак якой мы з хлопцамі ўжо забыліся, хаця раней не падабалася, нават грэбавалі.