«Таёта» RAV‑4 Марыны Коктыш застаецца на мытні

Працэдура экспертызы можа расцягнуцца на месяц, але журналістка спадзяецца, што ўсё зробяць у самыя кароткія тэрміны, як таго патрабуе мытны кодэкс Беларусі.

16.03.2010 / 13:44

Як паведамлялася раней, 12 сакавіка ў 14.30 на памежным пераходзе «Каменны лог» была затрыманая журналіста газеты «Народная воля» Марына Коктыш.

Яна гнала праз мяжу набыты ў Вільні аўтамабіль. Беларускія памежнікі заявілі, што яе аўто заяўленае ў міжнародны вышук. Журналіста на знак пратэсту супраць дзеянняў мытнікаў абвясціла галадоўку. Яна каля сутак правяла на мяжы ў чаканні дакументаў з Вільні, каб пацвердзіць законнасць набыцця аўто.

Марына Коктыш, кажа, што хвалявалася, калі ехала за мяжу, бо яшчэ добра памятае, як у маі мінулага году яе фактычна перад самым адлётам у Страсбург знялі з самалёта і адвялі на асабісты надгляд. Але такога павароту падзеяў усё ж не чакала.

«Я набыла аўто праз Сеціва. Гэта «Таёта» RAV‑4 2001 года. У Літву машына трапіла з Францыі, была афіцыйна зарэгістраваная.

Ад’ездзіла па літоўскіх дарогах прыблізна год», — расказвае Марына Коктыш. Па яе словах, продаж машыны афіцыйна аформілі ў Літве, як і дакументы на вываз на літоўскай мытні. І ні ў каго з літоўскіх службоўцаў аўто не выклікала пытанняў. «На літоўскай мяжы машыну афармлялі каля гадзіны, правяралі па ўсіх базах», — кажа журналістка. Таму затрыманне на беларускім баку для яе стала пэўнай нечаканасцю: «Я ўжо ўсім сваім смскі паспела даслаць, што ўсё добра, мяжу пераехала».

«Таёта» RAV-4 2001 года ў Літве будзе каштаваць 7 300 – 10 000 еўра без уліку размытнёўкі, у Беларусі такая машына каштуе 10 000 – 15 000 еўра

З мытні журналістка патэлефанавала ў мінскі «Таёта‑Цэнтр», дзе ёй пацвердзілі, што нумары кузава і рухавіка яе машыны супадаюць з іхняй базай.

Марына рэгулярна тэлефануе літоўскаму прадаўцу.

«Ён таксама вельмі перажывае. Паводле дамовы, прадавец нясе ўсю адказнасць за прададзенае аўто. І ён мяне супакойвае, што ўсё будзе добра, бо дасканала праверыў машыну па ўсіх магчымых базах».

Журналістка кажа, што цяпер яе «Таёта» стаіць на ашмянскай мытні.

Працэдура экспертызы можа расцягнуцца на месяц, але яна спадзяецца, што ўсё зробяць у самыя кароткія тэрміны, як таго патрабуе мытны кодэкс Беларусі.

Нагадаем, што 17 лютага 2010 г. у рэдакцыі газеты «Народная воля» супрацоўнікі Ленінскага РУУС сталіцы правялі ператрус. У выніку быў канфіскаваны сістэмны блок камп’ютара, на якім працавала Марына Коктыш.

Сямён Печанко