Вольскі адкрыў забытыя скарбы

Лявон Вольскі прэзентуе новую складанку з 12 песень на вершы класікаў: ад Купалы да Танка і Барадуліна.

23.03.2010 / 11:29

photo.bymedia.net

Лявон Вольскі прэзентуе новую складанку з 12 песень на вершы класікаў: ад Купалы да Танка і Барадуліна.

Класіка класікай, але музычнае суправаджэнне сучаснае: блюз, рок, рэп і хэві‑мэтал. Вольскі спа¬дзяецца, што гэты праект дапаможа сучаснай публіцы наноў адкрыць для сябе творы класікаў.

«НН»: Танк, Куляшоў… Лявоне, мы нешта прапусцілі ў беларускай савецкай літаратуры? Вы адкапалі новы лірычны пласт?

Да канцэрта мусіць выйсці CD. На ім, акрамя 12 песень, тэксты, графічныя асацыяцыі Вольскага да кожнага верша, зробленыя вугалем, партрэты дванаццаці пісьменнікаў з міні‑біяграфіямі.

Лявон Вольскі: Нам напачатку дапамагалі выракацца сваёй спадчыны, а цяпер мы й самі навучыліся. Раней мы былі малапісьменныя і не чыталі, затое цяпер мы настолькі адукаваныя, што з пагардаю глядзім на гэтых «паэцікаў». Маўляў, хто яны такія?! Мы ж цяпер умеем пісаць лепей, чымся яны! Прынамсі, нам так падаецца. Тым часам, дзяржава з радасцю падтрымала гэткае стаўленне — каб не нараджаць куміраў (у савецкі час літаратараў народ шанаваў), і вось ужо і народу не трэба (шырокім масам), і нам — вытанчаным натурам.

«НН»: Сяргей Дубавец у сваім эсэ «Ружовы туман» прапанаваў забыць савецкую беларускую літаратуру за яе бесхрыбетнасць.

ЛВ: Гэтага рабіць дакладна не трэба. У тагачаснай літаратуры безліч таленавітых твораў. Як мне сказаў калісьці спадар Някляеў: «Гэтае пакаленне яшчэ ніхто не перапісаў».

«НН»: Вось, паслухаўшы ваш канцэрт, моладзь кінецца да тамоў паэзіі ў пошуках нейкіх адкрыццяў і рокавай шчырасці, а там суцэльны «сцяг брыгады»: камсамол, хваласпевы кампартыі. Ці магчыма аддзяляць збожжа ад пустазелля ў савецкай паэзіі?

ЛВ: Я, калі пачынаў праект, таксама скептычна пацягнуўся да паэтычных тамоў Танка і Куляшова. Тым большы быў эфект ад прачытаных вершаў — моцных, пранікнёных, музычных, шчырых, шэрых і апромненых, пафасных і панурых, маляўнічых і чорна‑белых — такія вершы пішуцца ў любую эпоху… Хто захоча сабе нешта знайсці ў гэтых кнігах — немінуча знойдзе. Пры кожнай уладзе творцы вытрымлівалі розныя правілы гульні. Геніяльныя паэты — таксама. І цяпер вытрымліваюць.

Гутарыў Лявон К

Канцэрт адбудзецца ў аўторак, 23 сакавіка

ў Купалаўскім тэатры. Ён будзе складацца з дзвюх частак: першая — непасрэдна «Белая Яблыня Грому»: 12 песень у розных стылях. Акампануе новы склад. Лявон спадзяецца, што ніякія тэрміновыя справы не перашкодзяць Аляксандру Памідораву выканаць пакладзены на рытмічную глебу рэпу верш Францішка Багушэвіча «Немец», а Ганне Хітрык — заспяваць з ім дуэтам. У другой частцы будуць розныя нечаканыя песні: сольныя, народныя, сумныя і вясёлыя.

Белая яблыня грому

1977