Правінцыйныя цары Вавілона
Чым розняцца сталічны і правінцыйны тэатры?
24.03.2010 / 11:14
Чым розняцца сталічны і правінцыйны тэатры?
Сталічны тэатр — гэта палігон для мастацкіх амбіцыяў, правінцыйны — помнік уласным комплексам. Такая думка мільганула ў маёй каламутнай галаве падчас пробы ўтрымацца на слізкай падлозе з ружовага мармуруі перад залацістымі дзвярыма ліфта фірмы Otis. Унутранее ўбранне тэатру, выгляд яго «лёхаў», таксама можа шмат чаго пра яго распавесці.. Цікава, што ліфт быў службовы, а людзей, якія ім карыстаюцца штодня ў нас часамі называюць «слугамі высокага мастацтва». Відаць залатыя ўнітазы адышлі ў нябыт, іх месца паціху займаюць залатыя ліфты і наўтбукі, а нябожчык Лангбард ці наўрад мог гадаць, што колішняе строгае канструктывісцкае аблічча дома Мельпамены ператворыцца ў падцягнуты хірургам твар штучнай бландынкі, аздоблены дарагой баўгарскай касметыкай.
Наведванне галоўнага тэатра краіны — ну нездарма ж яго назвалі на расейскі манэр «Вялікім» — стварае прыемнасць, хаця б таму, што гэта першы раз за пятнаццаць гадоў. Да таго ж нагода прыемная — прэм’ера ранняй оперы Вердзі «Набука» з якой у 1842 годзе распачаўся яго трыюмф як кампазітара. Пра спекталь хадзілі чуткі, што гэта будзе «патрасаюшчае мульцімедзійнае зрэлішча», дзякуючы запрошаным з Расіі рэжысёру і кампутарнаму графіку. Касцюмы, створаныя мастачкай тэатру Кацярынай Булгакавай таксама абяцалі небанальнае шоў.
Мае дзіцячыя ўспаміны бадай на чвэрць — успаміны пра оперны тэатр. Усё пачалося з таго, калі каляжанка маёй маці прынесла тры нам кантрамаркі на балет «Лебядзінае возера». За гэтыя кантрамаркі яна папрасіла маці з бацькам пра дробязь — па заканчэнні прадстаўлення падараваць кветкі (канешне, загадзя купленыя ёй) яе дачцы з мужам, тады таленавітым пачаткоўцам, а зараз прызнаным харэографам, зоркам беларускага балету. Быць «падсадной качкай» насамрэч надрэнна, як для дзіцяці, бо гэта ператваралася ў цудоўнае свята раз на два тыдні. У прамежку паміж балетам мы з бацькам наведвалі оперу — «Галька», «Травіята», «Рыгалета», «Казкі Гофмана» — вядома ўжо за ўласныя грошы .
Вось таму мае спатканне з Нацыянальным і Вялікім тэатрам прымушала мяне крыху хвалявацца. Аказалася, было чаго. У дзяцінстве я не мог нават уявіць, што дэкарацыі могуць рухацца як у кампутарнай гульні альбо фантастычным галівудскім кіно. Яшчэ я не мог прадугледзець адсутнасць у спектаклі класічнай уверцюры, падчас якой у аксамітавых прыцемках залі, падсвечанай адно святлом аркестравай ямы глядач узрушана чакае цуду — падняцця заслоны. Рэжысёр вырашыў пазбавіць гледачоў працэсу салодкага чакання і запрапанаваў падчас уверцюры сучаснае шоў на падставе кампутарных праекцый, якое нагадвала галівудскае фэнтэзі 10‑гадовай даўніны. На аснове тых праекцыяў былі створаны таксама старадаўнія сцены храма ў Ерусаліме без якіх сцэнаграфія была бы пазбаўлена маштабнасці, каторую раней, дарэчы, назвалі б гігантаманіяй.
Для мяне, як опернага «ламера» без адмысловай адукацыі, творы Вердзі — ад дзяцінства — гэта хоры. Оперы Вердзі гуртавалі італьянскую нацыю, а хоры заклікалі да барацьбы за свабоду, апелявалі не да розуму, але наўпрост да сэрца. Музыка перад усім. Сёння палітра для інтэрпрэтацыі творчасці вялікага італьянца значна шырэйшая, асабліва з улікам падзей XX стагоддзя. Расейскі рэжысёр убачыў алюзіі з Халакостам, і прыроўніў асірыйцаў‑паганцаў да нацыстаў. Мастак па касцюмах Кацярына Булгакава дадала да іміджу захопнікаў Ерусаліма расейска‑аўстрыйскі імперскі сладнік праз чорныя з залатымі ўстаўкамі строі асірыйскай гвардыі — амаль як у казакоў за часамі Аляксандра III ці жандармаў у імперскай Празе. Гэтая рысачка дала нагоду перанесціся ў думках ва Ўсходнюю Еўропу і параўноўваць маленькую Іўдэю з нашай Беларуссю, а магутны Вавілон — з расейскім імпэрскім монстрам.
Аднак вонкавы антураж не павінен уводзіць у зман — пастаноўка оперы цалкам класічная. Расстаноўка актораў, іх статычнасць падчас выканання арыяў, увесь рэжысёрскі малюнак мала чым адрозніваецца ад таго, што я бачыў ў свае школьныя гады ды падчас трансляцыяў Вердзі са славутых еўрапейскіх тэатраў. Пазалота гэта класна, аднак і яна сціраецца і тады ў астачы застаецца ідэя, якая ў выпадку з «Набукам»,на жаль, зусім не новая. Ці мела тады сэнс запрашаць замежных спецоў адно дзеля кампутарных эфектаў? Мяркую, што так, бо правінцыйны тэатр на абшары былой імперыі без гэтага немагчымы.