Лукашэнка: Мы ні на каго не накатваем

Аляксандр Лукашэнка назваў парадаксальнай сітуацыю, якая складваецца ў адносінах з «урадам Расіі».

30.03.2010 / 15:53

Лукашэнка падчас знаходжання ў Венесуэле, daylife.com

Аляксандр Лукашэнка назваў парадаксальнай сітуацыю, якая складваецца ў адносінах з урадам Расіі, і абвінаваціў расійскі кабінет міністраў у вырашэнні праблем з Беларуссю з пазіцыі суб’ектыўнага характару.

На нарадзе па выніках свайго візіту ў Венесуэлу і Бразілію Лукашэнка падкрэсліў, што «не трэба ў выступе і заяве казаць пра расійскі народ, пра Расію». «Расія занадта разнародная, і той, хто кіне камень у расійскага чалавека, будзе нячэсным чалавекам», — сказаў Лукашэнка. «Іншая справа, сёння тая пазіцыя, якую займае расійскі ўрад», — дадаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што цяпер пры згадванні ўрада пачнуцца размовы: «Маўляў, Лукашэнка накаціў на Пуціна».

«Пры чым тут накаціў на Пуціна? Мы бачым, колькі праблем сёння не вырашаецца або вырашаецца з пазіцыі суб’ектыўнага характару з боку ўрада Расіі», — сказаў ён.

Мы ні на каго не накатваем, мы проста пачынаем шукаць іншыя нішы і краіны, дзе нас ўспрымаюць і разумеюць», — растлумачыў Лукашэнка, адзначыўшы, што крокі беларускага ўрада па пашырэнні супрацоўніцтва суправаджаюцца саркастычнымі каментарамі з расійскага боку.

«Менавіта таму сёння, як ніколі, мы вымушаныя актыўна працаваць у любым, нават самым аддаленым кутку свету, дзе мы можам разлічваць на прадказальныя і сумленныя ўмовы ўзаемавыгадных гандлёва‑эканамічных сувязяў», — сказаў ён. «На Расіі і Еўропе свет клінам не сышоўся, трэба выходзіць у іншыя рэгіёны са сваёй прадукцыяй і праектамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.