Сотні беларусаў прыйшлі да польскай амбасады ў Мінску
+ фота, дадалося відэа
Каб выказаць спачуванне ў сувязі з гібеллю пасажыраў самалёта прэзідэнта Польшчы пад Смаленскам.
10.04.2010 / 20:12
Увечары 10 красавіка каля амбасады Польшчы ў Мінску, што на вуліцы Румянцава, сабраліся сотні беларусаў. Яны прыйшлі выказаць спачуванне ў сувязі з гібеллю пасажыраў самалёта прэзідэнта Польшчы пад Смаленскам. Ініцыявалі гэтую акцыю інтэрнэт-актывісты: напярэдадні ў беларускіх блогах з'явіўся заклік сабрацца а 19-й ля пасольства з кветкамі і свечкамі.
Людзі пачалі прыходзіць раней — ужо а палове на 19-ю каля амбасады сабралася каля сотні чалавек. Сярод першых прыехала група моладзі на роварах. Каля ўвахода ў пасольства сталі з’яўляцца кветкі, плакаты са словамі спачування, знічкі.
Ускласці кветкі прыйшлі вядомыя людзі — палітыкі, гісторыкі, літаратары, артысты. «Колькі тут свечак!» — выгукнула маленькая дзяўчынка. Многія прыйшлі з малымі дзецьмі. Тыя хутка сціхалі, адчуваючы агульны настрой дарослых. Супрацоўнік амбасады адчыніў браму, каб ахвотныя маглі пакінуць спачувальны запіс у спецыяльнай кнізе. Адзін за задным, нетаропка, людзі ішлі ў амбасаду, на другі паверх. Ціха казалі спачувальныя словы супрацоўнікам ў строгіх гарнітурах. Не было ніякіх праверак на ўваходзе, у дзень жалобы ніхто не прасіў наведнікаў выключаць тэлефоны і паказваць пашпарты.
…Калі на Румянцава сабраўся ладны натоўп, высока над галовамі людзей з сумным крыкам праляцеў клін гусей.
Сцяг быў прыспушчаны на знак жалобы.
Палітвязень Аляксандр Казулін.
Супрацоўнік амбасады адчыніў браму, каб ахвотныя маглі пакінуць спачувальны запіс у спецыяльнай кнізе.
Кіраўнік "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Саннікаў.
ГЛЯДЗІ ЯШЧЭ. ФОТАРЭПАРТАЖ: ЖЫХАРЫ ВАРШАВЫ ПРЫЙШЛІ ДА ПРЭЗІДЭНЦКАГА ПАЛАЦУ.