Супраць Алеся Зарэмбюка заведзеная крымінальная справа

Яго абвінавачваюць у махлярстве. Нібыта палітык пазычыў у некага грошай, але не аддаў.

16.04.2010 / 15:08

Яго абвінавачваюць у махлярстве. Нібыта палітык пазычыў у некага грошай, але не аддаў.

Да бацькоў каардынатара Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Алеся Зарэмбюка прыйшлі з ператрусам.

Бацькі жывуць у Мастах у прыватным доме. Разам з кадэбістамі ў дом прыйшлі і людзі з камерай, якія старанна ўсё фільмуюць. Пакуль нічога не канфіскавана.

Бацькам паведамілі, што супраць Алеся заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Махлярства». Нібыта Зарэмбюк пазычыў у некага грошай, але не аддаў. Бацькам паказалі пастанову, але цалкам зачытаць не далі.

Таксама да жонкі Алеся Зарэмбюка на працы(яна працуе лекарам у Ваўкавыску) прыйшлі два супрацоўнікі КДБ. Яны забралі жанчыну з працы і павезлі ў Масты.

Цяпер ператрус адбываецца і ў хаце Зарэмбюка. Таццяне забараняюць карыстацца мабільнай сувяззю.

Званіў кадэбіст і да Алеся, і выклікаў яго на допыт, але палітык зараз знаходзіцца не ў Мастах. І згадзіўся прыйсці на допыт толькі ў панядзелак.

Прыкладна а 17:00 машыну Алеся Зарэмбюка затрымалі супрацоўнікі ДАІ побач з Ашмянамі, калі ён вяртаўся ў Масты.

Сам Зарэмбюк звязвае гэта з сваім удзелам у мясцовых выбарах. На гэтым тыдні ён ужо быў у КДБ, дзе актывіста спрабавалі абвінаваціць у нелегальным гандлі візамі. Да гэтага гаворка ішла пра гандаль наркотыкамі і згвалтаванні.

Зміцер Панкавец