Кітайцы завербавалі польскага шыфравальшчыка

23.04.2010 / 10:03

Прапаршчык Стэфан Зялёнка, зніклы амаль год таму шыфравальшчык ваеннай выведкі, знаходзіцца ў Шанхаі, куды ён збег з Польшчы і дзе кітайскія ўлады забяспечылі яму «новае жыццё».

Так сцвярджае французскае інтэрнэт-выданне Intelligence Online, вядомае тым, што падае надзейную і дакладную інфармацыю аб дзейнасці спецслужбаў. На думку аўтараў артыкула, Зялёнка (ён працаваў, сярод іншага, у падраздзяленнях сувязі польскай арміі з НАТА) быў завербаваны кітайскімі спецслужбамі. Калі яму стала пагражаць выкрыццё, кітайцы дапамаглі яму выехаць. Ваенная пракуратура Польшчы ніяк не каментуе гэтую інфармацыю. Раней магчымасць супрацоўніцтва афіцэра з замежнымі выведнікамі абвяргалася.

Афіцыйна Зялёнка ў вышуку за дэзертырства, а ў неафіцыйных выказваннях супрацоўнікі ваенных службаў сцвярджаюць, што ён не мог быць каштоўным набыткам для агентаў ворага, таму што нічога не ведаў пра найважнейшыя таямніцы. Ён праслужыў у ваеннай выведцы 30 гадоў. Увесну 2009 году ён пакінуў свой дом у Варшаве і бясследна знік, пакінуўшы на банкаўскім рахунку вялікую суму грошай.