Лукашэнка не паедзе на Парад Перамогі ў Маскву

27.04.2010 / 17:35

Лідэры Беларусі, Украіны і ЗША, а таксама прэм’ер‑міністр Вялікабрытаніі не будуць прысутнічаць на Парадзе Перамогі 9 мая ў Маскве.

Пра гэта паведаміў кіраўнік справамі прэзідэнта Расіі Уладзімір Кожын.

«9 мая адбудзецца саміт СНД, на які прыязджаюць лідэры СНД, яны возьмуць удзел ва ўсіх падзеях, звязаных з гэтай гадавінай. Але некаторыя лідэры застануцца ў сваіх краінах. Кіраўніцтва Расіі ставіцца з разуменнем да гэтага факта, бо ў гэтых краінах пройдуць маштабныя нацыянальныя мерапрыемствы, звязаныя з 9 Мая. Гаворка ідзе пра Украіну і Беларусь», — сказаў Кожын.

Ён таксама адзначыў, што ў Маскву на 9 траўня не прыедуць прэзідэнт ЗША Барак Абама і прэм’ер‑міністр Вялікабрытаніі Гордан Браўн у сувязі з парламенцкімі выбарамі.