Шушкевіч: «Самым моцным кандыдатам я бачу Андрэя Саннікава»

Экс‑старшыня Вярхоўнага Савета рэзка раскрытыкаваў некаторых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла.

06.05.2010 / 10:11

Экс‑старшыня Вярхоўнага Савета рэзка раскрытыкаваў некаторых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла.

‑‑ Казаць пра сваю рашучасць на выбарах трэба было раней, — заявіў Станіслаў Шушкевіч, каментуючы Euramost.org намер лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча зноў ісці кандыдатам у прэзідэнты. — А сваю нерашучасць Аляксандр Мілінкевіч ужо прадэманстраваў. І сваю, прабачце, баязлівасць, якая выдаецца за разважлівасць, таксама прадэманстраваў.

Няхай мяне прабачаць за рэзкасць, але, на мой погляд, Мілінкевіч чыніць самую сапраўдную здраду ў нашай апазіцыйнай справе.

Ён фактычна легітымізуе беларускую ўладу, таму што зараз у Выбарчым заканадаўстве вялікіх зменаў не адбылося, а ўсё засталося па‑ранейшаму. У такіх умовах ісці на выбары з яго згаворлівасцю і прымітыўным падпарадкаваннем уладзе проста нельга. На жаль, я доўгія гады лічыў Аляксандра Мілінкевіча вельмі прыстойным чалавекам, але цяпер маё стаўленне да яго змянілася.

‑ А што вы прапануеце? Не ісці наогул на выбары?

‑ Я лічыў, што беларуская дэмакратычная супольнасць (у тым ліку, і рух «За свабоду») зробіць акцэнт на адной агульнапрызнанай кандыдатуры — прыстойнай і рашучай. Такіх у нас хапае кандыдатаў, хаця іх называць не буду. Але вось я вярнуўся нядаўна з Польшчы,

дзе зноў даведваюся, што Мілінкевіч па‑ранейшаму выдае сябе ў Еўропе за галоўнага лідэра беларускай апазіцыі.

Але навошта ж хлусіць? Я лічу, што такім чынам вырашаюцца толькі нейкія прыватныя праблемы і прыносіцца ў ахвяру мая любімая Беларусь. Вось і ўсё, што я магу сказаць…

‑ Але Аляксандр Мілінкевіч і яго каманда распрацавалі дакладную перадвыбарчую праграму, ёсць план і стратэгія…

‑ Ды бачыў я гэтую праграму! І Мілінкевіч у сваім выступе, дарэчы, ужо супярэчыў ёй. Таму што ў праграме прапісаная незалежнасць, нейтральнасць, а далей ён ужо пяе зусім іншае. Складаецца ўражанне, што гэтую праграму ніхто і не чытаў. Я яшчэ раз падкрэсліваю — па змесце праграма катэгарычна адрозніваецца ад выступу.

‑ У гутарцы з журналістамі Мілінкевіч выказаўся ў тым плане, што трэба паменей песімізму.

‑ У такім выпадку, чаму ў 2006 годзе ён не паступіў хаця б гэтак жа, як Аляксандр Казулін? Хаця я ў свой час быў на баку Мілінкевіча, лічыў, што Казулін у нейкай ступені здраднік. Гэта быў мой пункт гледжання.

А высветлілася, што Казулін у параўнанні з Мілінкевічам дык проста нацыянальны герой.

Ён перад гэтым здзяйсняў шмат непатрэбных учынкаў, але затым выправіўся. Я пасля гэтага шмат быў з Казуліным у Еўропе, бачыў яго пазіцыю…

‑ У такім выпадку каго вы сёння бачыце найбольш прыстойным кандыдатам?

‑ З тых, хто мае намер балатавацца, я бачу наймацнейшым кандыдатам Андрэя Саннікава. Ён — чалавек адукаваны, у маім перакананні — высокамаральны. Я яго доўга не разумеў, быў катэгарычна супраць яго, але на сённяшні дзень лепшага я не бачу.

‑ А моладзь? Віталь Рымашэўскі з БХД, Алесь Міхалевіч?..

‑ Ведаеце, калі чалавек у сваім жыцці не працаваў, не зарабляў грошы нармальнай працай, не кіраваў хаця б дзесяткам ці паўсотняй людзей, дык ісці кіраваць краінай — гэта смех і блазнаванне.

Не трэба гуляць у такія гульні ў такі сур’ёзны момант. Я лічу, што дай Бог, каб гэтыя людзі, калі вылучацца, сабралі хаця б 1,5 адсоткі галасоў. Няма каму ж за іх галасаваць, таму што нічога сур’ёзнага ў жыцці гэтыя людзі не зрабілі. Электарат будзе галасаваць у першую чаргу за адукаваных людзей і за тых, хто ўмее працаваць.