Інстытут памежнай службы Беларусі ствараецца ў Мінску
07.05.2010 / 15:48
Інстытут памежнай (пагранічнай) службы Беларусі ствараецца на базе памежнага факультэта Ваеннай акадэміі Беларусі ў Мінску. Адпаведны ўказ №237 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 мая.
Такое рашэнне прынята ў мэтах удасканалення кадравага забеспячэння органаў памежнай службы.
Інстытут будзе ўваходзіць у сістэму органаў памежнай службы і з’яўляцца юрыдычнай асобай. Падпарадкоўвацца ён будзе Дзяржаўнаму памежнаму камітэту, старшыня якога зацвярджае колькасць, структуру і штат інстытута ў межах агульнай колькасці органаў пагранічнай службы і расходаў на іх утрыманне.
Узначаліць гэту навучальную ўстанову начальнік, які будзе падпарадкоўвацца старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта і назначацца на пасаду і вызваляцца з яе прэзідэнтам Беларусі з падачы старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2010 года.