Сяргей Каваленка асуджаны на тры гады ўмоўна

Такі вырак вынес 14 мая суд Кастрычніцкага раёна Віцебска.

14.05.2010 / 11:46

Віцебскі актывіст Кансерватыўна‑хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на тры гады ўмоўна. Такі прысуд вынес 14 мая суддзя Яўген Буруноў, паведаміў «НН» сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Сяргея Каваленку вінавацілі ў злосным хуліганстве, а таксама непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. 7 студзеня Каваленка вывесіў вялізны бел‑чырвона‑белы сцяг на цэнтральнай ялінцы Віцебска. Тады Каваленку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, але праз некалькі дзён выпусцілі.

Працэс над Каваленкам пачаўся 12 мая. Актывіст неаднаразова заяўляў адвод суддзі і пракурору, але яны адхіляліся. Затое атрымалася дабіцца права на перакладчыка.

Пракурор патрабаваў пакараць Каваленку трыма гадамі «хіміі», але суддзя вынес больш мяккі прысуд.

Таксама Каваленка мусіць сплаціць маральную кампенсацыю міліцыянтам Іванову і Палітыку — па мільёну, а таксама Максімаву — 1,5 мільёны.

Трэба адзначыць, што 14 мая спаўняецца 15 гадоў з дня правядзення рэферэндуму аб змяненні дзяржаўнай сімволікі.

Зміцер Панкавец