Гусарыя: па сьлядах аднаго міту

Крылы прымацавалі гусарам у эпоху рамантызму. Але бітву пад Кірхгольмам выйгралі такі гусары. Піша Алег Дзярновіч.

Ураганныя хвалі вершнікаў зь нізка прыгнутымі дзідамі, трапятаньне сьцяжкоў, навальнічны шум апераных крылаў, прымацаваных да рыцарскіх панцыраў, тупат конскіх капытоў і рык тысяч мужчынскіх горлаў. Менавіта так падаюцца сцэны гусарскіх атак XVI—XVII ст. у літаратуры. Вершнікі з крыламі за плячыма — неад’емны атрыбут славы Рэчы Паспалітай ці наадварот — сымбаль жорсткага і адначасова фэерычнага панаваньня.

02.12.2005 / 04:03

Ураганныя хвалі вершнікаў зь нізка прыгнутымі дзідамі, трапятаньне сьцяжкоў, навальнічны шум апераных крылаў, прымацаваных да рыцарскіх панцыраў, тупат конскіх капытоў і рык тысяч мужчынскіх горлаў. Менавіта так падаюцца сцэны гусарскіх атак XVI—XVII ст. у літаратуры. Вершнікі з крыламі за плячыма — неад’емны атрыбут славы Рэчы Паспалітай ці наадварот — сымбаль жорсткага і адначасова фэерычнага панаваньня.

Гістарычныя рэаліі аказаліся больш празаічнымі. Супрацоўнік Музэю польскага войска ў Варшаве Вітольд Глэнбовіч прааналізаваў выявы гусарыі ды ўсе наяўныя ў музэйных зборах гусарскія панцыры. Паводле яго высноў, у музэях няма арыгіналу гусарскіх крылаў XVII ст. Экспанаваныя ў залях гусарскія кірасы з крыламі зьяўляюцца, праўдападобна, кампазыцыямі ХІХ ст., дзе крылы ня маюць аўтэнтычнага паходжаньня. Аналіз іканаграфіі і захаваных экспанатаў паказвае, што ў XVII ст. крылы мацаваліся гусарамі да сёдлаў і не пераўзыходзілі па вышыні галавы ваяра. Толькі ў канцы XVII — пач. XVІII ст., ужо пасьля таго як гусарыя страціла сваё баявое значэньне, крылы пачалі мацаваць да наплечнікаў, што надавала большую параднасьць ваенным цырыманіялам.

Вобраз гусарыі як крылатых вершнікаў быў замацаваны і распаўсюдзіўся ў канцы ХІХ — пач. ХХ ст. дзякуючы малюнкам, створаным дзеля ўмацаваньня сэрцаў палякаў, што былі пазбаўлены Айчыны. У выніку агульнапрынятым стаў вобраз вершніка ў кірасе з прымацаванай да наплечнікаў парай высокіх крылаў, густа ўтыканых пёрамі арла ці ястраба.

Вынікі сваіх дасьледаваньняў польскі гісторык агучыў у верасьні на торуньскай навуковай канфэрэнцыі «Паўночныя войны ў XVI—XVIII ст.», прысьвечанай чатырохсотгодзьдзю бітвы пад Кірхгольмам. 27 верасьня 1605 г. войска ВКЛ пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча разграміла значна большыя сілы Швэцыі. У той бітве з арміі Хадкевіча загінула толькі каля 100 чалавек, а страты швэдаў ацэньваюцца ў некалькі тысяч.

Паводле тактычных характарыстык бітва пад Кірхгольмам характарызуецца ваеннымі спэцыялістамі як адная з найбольш выдатных у гісторыі Новага часу. Гусарыя выканала ў бітве ключавую ролю. І паўсюль у польскіх падручніках яна ўвасабляе славу польскай зброі.

На канфэрэнцыі ў Торуні вядомы дасьледчык гісторыі ВКЛ Анджэй Рахуба, пакуль беларускія і літоўскія ўдзельнікі вытрымлівалі паўзу, акцэнтавана зьвярнуў увагу прысутных на тое, што пад Кірхгольмам увогуле не было польскіх сілаў, а на дапамогу войску ВКЛ падышлі толькі 300 рэйтараў курляндзкага герцага. Канфэрэнцыя засьведчыла сучасную тэндэнцыю сярод значнай часткі польскіх гісторыкаў — варта вырашаць гісторыяграфічныя праблемы, а не памнажаць патрыятычныя легенды.

Высновы? Гусары з крыламі сапраўды існавалі. Праўда, з гледзішча пашыранага клішэ, гэтае відовішча ў XVII ст. не было такім маляўнічым, як уяўлялася ў ХІХ—ХХ ст. Але на сучасьнікаў падзей атака гусарыі рабіла незабыўнае ўражаньне. Ці варта ў такім разе дадаткова ўпрыгожваць гісторыю?