Братоў Каваленкаў зноў судзяць
07.06.2010 / 13:19
У Першамайскім райсудзе Віцебску працягнецца разбор адміністрацыйнай справы сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі і яго малодшага брата Віталя. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве. Браты лічаць гэтую справу палітычнай.
Віталь і Сяргей Каваленкі.
На першым судовым пасяджэньні, якое адбылося 24 траўня, Сяргей і Віталь Каваленкі распавялі, што ўвечары 8‑га траўня ў краме «Веста» іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Братоў завезьлі ў Першамайскі РАУС і склалі на іх пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, хаця гэты факт ні Сяргей, ні Віталь Каваленка не пацьвердзілі. Абодва лічаць, што іх затрымалі прэвэнтыўна — каб падчас сьвяткаваньняў Дня Перамогі ў горадзе не зьявіліся бел‑чырвона‑белыя сьцягі.
Сяргей Каваленка, які не аднойчы ладзіў у Віцебску акцыі зь бел‑чырвона‑белымі сьцягамі, і ягоны малодшы брат правялі больш за суткі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Адпусьцілі іх 10 траўня.
Судзьдзя Віктар Калбун не сьпяшаецца выносіць рашэньне па справе: першае судовае пасяджэньне адбылося больш як праз два тыдні пасьля затрыманьня братоў Каваленкаў, а потым яго перанесьлі яшчэ на 12 дзён — на 15.30 7 чэрвеня.