Генпракурор пра справу Байковай: Не ідэалізуйце следчага
Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч пракаментаваў сітуацыю з следчай Генпракуратуры па асабліва важных справах Святланай Байковай.
23.06.2010 / 12:39
Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч на сённяшняй прэс‑канферэнцыі пракаментаваў сітуацыю з следчай Генпракуратуры па асабліва важных справах Святланай Байковай. Жанчына ўжо амаль чатыры месяцы знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
«Гэта крайне непрыемнае пытанне. Тэрмін знаходжання Байковай пад вартай будзе вырашацца заўтра», — сказаў Васілевіч.
Потым генпракурор выказаўся адносна справы мытнікаў, якую расследавала Байкова. «Па справе праходзілі дзесяткі чалавек.
Былі і перагібы. Не заўсёды арышты былі абгрунтаванымі і законнымі.На жаль, культурны слой у любой арганізацыі трэба ствараць даўно. Расследаванні справаў 2006‑2007 гадоў праходзілі не зусім ідэальна. Не ўсё так адназначна ў дзеяннях следчага. Давайце не будзем ідэалізаваць следчага», — кажа пракурор.
Ці не сведчыць дадзеная справа, што ўплыў Генеральнай пракуратуры ў верхніх эшалонах улады змяншаецца? «У кожнага ведамства ёсць свае паўнамоцтвы. І дзейнасць адбываецца ў рамках гэтых паўнамоцтваў. Увогуле, у параўнанні з іншымі краінамі, пракуратура РБ мае досыць шырокія паўнамоцтвы. Большыя, скажам, чым у Расіі», — адзначыў Рыгор Васілевіч.
На ягоную думку, не існуе ніякага супрацьстаяння паміж сілавымі ведамствамі. «Калі спрэчкі ўзнікаюць, то яны вырашаюцца ў рамках закона».