Лукашэнкава інтэрв'ю «Еўраньюс» будуць трансляваць дзяржаўныя каналы
25.06.2010 / 15:57
Тэлеверсія інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі каналу «Еўраньюс» на Першым канале беларускага тэлебачання (БТ) перанесена на заўтра, 26 чэрвеня.
Раней планавалася паказаць яе ў пятніцу ў 20.30.
Перанос звязаны з прававымі прычынамі.
Тэлеканал «Еўраньюс» павінен паказаць інтэрвію першым, а яно, як плануецца, будзе паказана 25 чэрвеня пасля 22.00.У сувязі з гэтым тэлеверсія на «Першым» перанесена на 26 чэрвеня ў 20.30 адразу ж пасля праграмы «Панарама».
Нагадаем, у інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» Лукашэнка патлумачыў беларускую пазіцыю ў газавай спрэчцы з Расіяй.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на «аднабаковае і тэндэнцыйнае асвятленне спрэчкі ў расійскіх СМІ, якія абыходзілі бокам факт доўгу» Газпрому «за транзіт газу». Акрамя таго, Лукашэнка выказаў сваё меркаванне пра тое, ці з’яўляецца газавая спрэчка своеасаблівым метадам ціску на Беларусь з боку Расіі, распавёў пра сваё бачанне перспектыў узаемаадносін з Расіяй і ЕС.
Таксама кіраўнік дзяржавы закрануў тэмы маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі — верагоднасці і ўмоў свайго ўдзелу ў іх.