Высьвятленьне абставінаў сьмерці В. Пацюнаса працягнулі на месяц

Гэта выклікана тым, што яшчэ не завершаныя ўсе лябараторныя дасьледаваньні, у прыватнасьці – хімічныя экспэртызы і аналіз крыві

25.09.2006 / 19:12

Праверку па справе сьмерці ў Берасьці літоўскага дыплямата Вітаўтаса Пацюнаса працягнулі да 23 кастрычніка. Па словах старшыні ўпраўленьня прававога забесьпячэньня, інфармацыі й грамадзкіх сувязяў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Андрэя Швэда, гэта выклікана тым, што яшчэ не завершаныя ўсе лябараторныя дасьледаваньні, у прыватнасьці – хімічныя экспэртызы і аналіз крыві.

Пацюнас, літоўскі дыплямат, дарадца генэральнага консульства Літвы ў Гародні, афіцэр дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы выпаў зь дзявятага паверху гатэлю Інтурыст у Берасьці ў ноч з 22 на 23 жніўня. Мэдычная экспэртыза ня выявіла сьлядоў гвалту на яго целе. Але канчатковае заключэньне беларуская пракуратура зробіць толькі пасьля завяршэньня ўсіх дасьледваньняў. Да гэтага часу афіцыйны Вільнюс таксама ўстрымліваецца ад камэнтароў.