Прэм’ер Літвы выправіўся ў паход па Беларусі

Паход на роварах працягнецца да 1 жніўня.

26.07.2010 / 10:02

25 ліпеня прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс у складзе групы з 30 чалавек выправіўся ў паход на ровары па тэрыторыі Беларусі, які працягнецца да 1 жніўня.

delfi.lt

Сярод іншага, маршрут пройдзе празь Ліду і Нясьвіж. Заплянаваныя сустрэчы удзельнікаў з прадстаўнікамі мясцовых этнічных літоўцаў і наведваньне імшы ў адным з касьцёлаў.

Паход на роварах «Заварочвай направа» ладзіцца ўжо дзявяты раз. Яго ладзіць партыя Саюз айчыны — хрысьціянскія дэмакраты. Сярод турыстаў — літоўскія палітыкі, чыноўнікі, іх сябры і сямейнікі.

Падчас візыту ў Менск у канцы чэрвеня Андрус Кубілюс запрасіў узяць удзел у паходзе беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку. Аднак, як сказала прэс-сакратар літоўскага прэм’ера Ярда Паўкшцене, гэтае запрашэньне было «больш жартаўлівым, чым афіцыйным».