Глыбоцкі ідэолаг спрабаваў сарваць канцэрт у памяць Ларысы Геніюш

Канцэрт усё ж адбыўся — не каля касцёла, а на беразе возера Царкавішча.

26.07.2010 / 11:26

Канцэрт мусіў прайсці 25 ліпеня ў рамках парафіяльных урачыстасцяў святой Ганны. Бардаў запрасіла грамадская актывістка з Германавічаў, лаўрэатка прэміі «За свабоду думкі» Ада Райчонак.

На правядзенне канцэрта была згода ксяндза Уладзіміра Шымуковіча. Аднак перад самай імпрэзай да арганізатараў выйшаў ксёндз і паведаміў, што «канцэрт не можа адбыцца».

Відавочцы кажуць, што перад тым да ксяндза падыходзіў ідэолаг Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі ды старшыня Удзельскага сельсавета.

Канцэрт усё ж адбыўся на беразе возера Царкавішча, што каля Мосара. Выступілі Зміцер Бартосік, Тацяна Беланогая, Андрэй Жбанаў ды іншыя выканаўцы. Свае песні праспявалі маладыя жыхаркі мястэчка Германавічы Вольга Фёдарава і Валерыя Райчонак.