Чэхі пішуць пра Беларусь
Сяргей Сматрычэнка перакладзе на беларускую раман Яхіма Топала пра Беларусь.
29.07.2010 / 15:52
Сяргей Сматрычэнка перакладзе на беларускую раман Яхіма Топала пра Беларусь.
Але пераклад трэба чакаць не раней, чым праз год.
Кніга чэшскага пісьменніка «Праз халодную зямлю» з’явілася летась. У арыгінале яна мела назву «Цэх д’ябла». Але ў апошні момант, калі кніга была гатовая да друку, прыйшлося яе пераназваць. Бо ў Чэхіі менавіта як «Цэх д’ябла» выйшаў аўстрыйска-нямецкі мастацкі фільм, вядомы ў нас пад назвай «Фальшываманетчыкі». Але па-беларуску, запэўнівае перакладчык, кніга з’явіцца ў першапачатковым варыянце.
«Праз халодную зямлю» складаецца з дзвюх частак. Дзеянні першай
адбываюцца ў мястэчку Тэразэнь у Чэхіі, дзе ў часы Другой сусветнай вайны знаходзіўся фашысцкі канцлагер. Маладыя людзі, продкі якіх перажылі тую вайну, прыязджаюць сюды ў наш час, каб зладзіць мемарыял. Але ён павінен паўстаць у выглядзе паселішча, у якім будуць жыць людзі. Чэхі знаёмяцца з двума беларусамі. І далей дзеянні кнігі адбываюцца ў Беларусі, у якой дзіўна пераплятаецца гісторыя і сучаснасць: аўтар пераносіць лясных партызанаў у наш час.
Сяргей Сматрычэнка мяркуе перакласці кнігу ў наступным годзе. Па яго словах, сам Топал пабойваецца рэакцыі на пераклад: ён баіцца абразіць беларускага чытач сваім творам. Але сп. Сматрычэнка кажа пра такі своеасаблівы стыль пісьменніка. Ён мяркуе, што разумны чалавек зразумее, што гэта выдумка, а не рэальнасць.
А галоўная думка, якую хацеў данесці аўтар, у тым, што
Беларусь — месца, дзе адбываліся ці не самыя трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны. І менавіта тут варта ствараць «запаведнік памяці пра тыя часы».
***
Сяргей Сматрычэнка — перакладчык. Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Віцебску. Скончыў філфак БДУ. На беларускую пераклаў творы Яхіма Топала, Ёзэфа Топала, Мілана Кундэры, Вацлава Гавала.