Супрацоўнікі МНС правераць памяшканне, у якім збіраюцца вылучаць адзінага кандыдата

17.08.2010 / 13:11

Чарговае пасяджэньне круглага стала па вылучэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў адбудзецца ў Менску 18 жніўня. Упершыню на ўдзел пагадзіліся амаль усе патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты.

Аднак у праваабарончы цэнтар, дзе звычайна праходзілі пасяджэньні круглага стала, сёньня патэлефанавалі прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных здарэньнях і заявілі, што заўтра прыйдуць з праверкай.

Паводле Міколы Статкевіча, уладам ня ўдасца сарваць пасяджэньне і яно пройдзе, але ў іншым памяшканьні. Удзельнікі круглага стала абмяркуюць пытаньні вылучэньня прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, правядзеньня назіраньня і вулічных акцый.