Рыгор Кастусёў: Здымаць Лукашэнку рукамі Масквы — небяспечна
Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ прапануе іншым удзельнікам кампаніі падпісаць «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў».
23.08.2010 / 17:33
Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапануе іншым удзельнікам кампаніі падпісаць «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў».
Тэкст маніфесту быў разасланы заказнымі лістамі ўсім астатнім кандыдатам на прэзідэнцкае крэсла. Сярод іншага, у маніфесце адзначаецца, што «нацыянальным інтарэсам Беларусі адпавядае хутчэйшае адхіленне ад пасады Аляксандра Лукашэнкі». Разам з тым, Партыя ўсведамляе, што небяспека «сыходзіць не толькі ад рэжыму, але і ад найвышэйшых колаў Расіі».
У выпадку прыходу да ўлады кандыдат павінен гаранатаваць выхад Беларусі з Мытнага саюза і АДКБ, вывад расійскіх вайсковых базаў з краіны.
«Нашы словы аб змаганні на два франты пацвярджаюцца, — кажа Р.Кастусёў. — Здымаць Лукашэнку рукамі Масквы — небяспечна. Расія пачала пошук сілаў, на якія магла б абаперціся ў Беларусі. Пазіцыя проста супраць Лукашэнкі слабая, трэба ведаць, за што мы».
На думку Кастусёва, на выбарах будзе два блокі — «псеўдадэмакратычны», блізкі да Крамля, і нацыянал‑дэмакратычны. Бээнэфаўцы лічаць: пасля падпісання маніфеста і стане ясна, да якога блока адыдуць тыя ці іншыя палітыкі.
Рыгор Кастусёў зазначыў, што цяпер у ягоную ініцыятыўную групу ўжо ўвайшло крыху больш за тысячу чалавек, а да выбараў гэтая лічба ўзрасце да дзвюх тысяч.