Сідорскі ўпэўнівае Расею, што ёй нявыгадна павышаць цэны на газ для Беларусі

Павышэньне цаны на расейскі газ у Беларусі можа паўплываць на зьніжэньне канкурэнтаздольнасьці расейскіх тавараў. Пра гэта заявіў сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі ў часе падвядзеньня вынікаў працоўнага візыту ў Алтайскі край.

11.10.2006 / 14:11

Прыкладам гэтага могуць паслужыць каапэрацыйныя сувязі між беларускімі прадпрыемствамі і прадпрыемствамі Алтайскага краю, які купляе беларускую сельскагаспадарчую тэхніку. Павышэньне цэнаў на расейскі газ выкліча павелічэньне кошту гэтай тэхнікі, што ў сваю чаргу павысіць сабекошт зерня, што вырабляецца ў Алтайскім краі.

Сяргей Сідорскі падкрэсьліў, што сёньня кошт расейскага газу для прамысловых прадпрыемстваў Беларусі складае каля $72 за тысячу м³. Пры гэтым ён асабліва адзначыў: «Прыкладам для абмеркаваньня выступае кошту газу для галінаў эканомікі, якія працуюць у каапэрацыі з Расеяй. Гэта ў асноўным высокатэхналягічныя вытворчасьці – машынабудаваньне, станкабудаваньне».

Ён таксама адзначыў, што цяпер беларускія прадпрыемствы займаюцца сэртыфікацыяй усёй прадукцыі, а ў разе неабходнасьці гатовыя пераарыентаваць вытворчасьць, каб выйсьці на вонкавыя рынкі.