Сапраўдная беларуская кухня: Гусь з макаронай
09.09.2010 / 09:56
1 гусь, соль, перац, 200 г макароны, 1 лыжка масла, 1 жаўток, 1 яйка, трохі мускатнага цвету, 100 г сала, 1 пятрушка, 1–2 морквы, 1 парэй, 1 цыбуля. На соус: 1–2 шклянкі булёну, 0,5 лыжкі масла, 1 лыжка каперсаў або алівак, 1 лыжка мукі.
Падрыхтаваную і пасоленую гусь разрэзаць па хрыбце, выняць акуратна косці, пакінуўшы іх толькі ў сцёгнах і крылцах, папярчыць і нафаршаваць так: зварыць 200 ці больш грамаў макароны (гледзячы па велічыні гусі), падрумяніць добрую лыжку масла, перамяшаць макарону з маслам, дадаць жаўток і цэлае яйка, усыпаць трохі ўтоўчанага мускатнага цвету, перамяшаць, нафаршаваць гусь і пячы ў гусятніцы, спод якой выкласці салам і карэннем (а таксама пакласці сала і карэнне на гусь зверху), часта перавяртаючы, каб птушка прапяклася раўнамерна.
Соус зрабіць з моцнага булёну з каперсамі або аліўкамі; а вадкасці, якая выцекла з гусі, узяць толькі частку, прычым без тлушчу.
Гэтым спосабам можна прыгатаваць і качкі, калі яны вялікія і мясістыя.
Каб было смачней, можна пакласці ў макарону нарэзаную кавалачкамі шынку або язык.