Два родныя браты разбіліся ў Пінскім раёне

Hyundai выкінула за межы праезнай часткі.

09.09.2010 / 10:40

Памылка кіроўцы, у якога нават не было пасведчання, каштавала яму і ягонаму брату жыцця.

Аварыя адбылася за 60 км ад Пінска, каля вёскі Востраў. Hyundai выкінула за межы праезнай часткі, і ён перакуліўся ў кювеце на дах. У салоне знаходзіліся два чалавекі, распавялі ў МНС.

Ратавальнікі, што прыехалі на месца ДТЗ, убачылі змяты легкавік, але адзін з братоў быў яшчэ жывы. Яго тэрмінова даставілі ў шпіталь, аднак выратаваць жыццё пацярпелага не ўдалося, паведамілі ў ДАІ Брэсцкай вобласці. Другі памёр адразу пасля аварыі.

Інспектары ўдакладнілі: Hyundai ехаў па адной з мясцовых дарог. За рулём знаходзіўся малады чалавек без пасведчання (ён яго ніколі не атрымліваў). А пракаціцца на аўтамабілі, падобна, яму дазволіў родны брат, якому і належала легкавушка. Але неспрактыкаваны кіроўца дапусціў фатальную памылку, выехаў на ўзбочыну, машыну выкінула ў кювет, дзе яна ўрэзалася ў дрэва і перакулілася на дах.