Беларусь размесціць у Расіі рублёвыя аблігацыі
09.09.2010 / 10:44
Беларусь у канцы верасня — пачатку кастрычніка плануе размясціць рублёвыя аблігацыі на фондавай біржы ММВБ. Пра гэта паведаміў 8 верасня ў Маскве на канферэнцыі ЕБРР член праўлення Ашчаднага банка Андрэй Голікаў.
Паводле яго слоў, праграма запазычанняў Беларусі зарэгістравана ў аб’ёме 15 млрд. расійскіх рублёў, аднак яна можа выйсці з меншым аб’ёмам. «Гэта залежыць ад Беларусі і ад сітуацыі на рынку», — цытуе Голікава РІА Новости.
Ён таксама адзначыў, што Ашчадны банк, які выступае арганізатарам размяшчэння, гатовы да здзелкі, эмітэнт вядзе падрыхтоўчую працу з біржай.
Нагадаем, 6 верасня міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў журналістам, што краіна не адмаўляецца ад планаў размясціць дзяржаўныя аблігацыі на расійскім рынку. «Мы плануем выйсці на пазыкі і на расійскім рынку, каб „прамацаць“ яго і цікавасць інвестараў да нашых каштоўных папер», — адзначыў ён.
Пра тэрміны размяшчэння аблігацый Харкавец гаварыць не захацеў, бо «ўрад увесь час адсочвае кан’юнктуру рынку».
Разам з тым ён паведаміў, што сума размяшчэння не будзе вялікая — 100–200 млн. долараў.
13 мая 2010 года прэзідэнт Беларусі падпісаў указ, які дае ўраду права выпусціць у 2010–2011 гадах аблігацыі на суму да 2 млрд. долараў з тэрмінам абарачэння не менш за пяць гадоў і размяшчэннем за межамі Беларусі. Указ прыняты з мэтай прыцягнення замежных інвестыцый у беларускую эканоміку.
Нагадаем, у ліпені Беларусь ажыццявіла дэбютны выпуск еўрааблігацый на 600 млн. долараў.
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor`s (S&P) прысвоіла дэбютнаму выпуску еўрааблігацый папярэдні доўгатэрміновы рэйтынг прыярытэтнага незабяспечанага доўгу «В+».
Дэбютны выпуск еўрабондаў прыцягнуў увагу шырокага кола інвестараў з розных рэгіёнаў свету і быў перападпісаны за тры разы. Заяўкі на ўдзел у размяшчэнні былі атрыманы ад 145 інвестараў на агульную суму 1,5 млрд. долараў. Сродкі ад дэбютнага размяшчэння паступілі на рахунак Мінфіна 3 жніўня.
У жніўні Беларусь ажыццявіла даразмяшчэнне еўрааблігацый яшчэ на 400 млн. долараў.
«Прыбытковасць да пагашэння даразмешчаных папер склала 8,251%, што дазволіла Рэспубліцы Беларусь знізіць сярэднеўзважаную прыбытковасць да пагашэння пяцігадовай пазыкі агульнай сумай 1 млрд. долараў да 8,7%», — заявіў Мінфін.