Міністр гандлю: Ажыятажны попыт на масла і грэчку нічым не апраўданы

13.09.2010 / 17:28

«Некалькі ажыятажны» попыт, што з’явіўся ў Беларусі на некаторыя віды прадуктаў (масла жывёльнае і грэчку), нічым не апраўданы. Такое меркаванне выказаў міністр гандлю Валянцін Чаканаў на прэс-канферэнцыі 13 верасня ў Мінску.

«Усе асноўныя групы тавараў, якія сёння сацыяльна значныя для нас, знаходзяцца на кантролі Мінгандлю, — запэўніў міністр. — Разам з Мінсельгасхарчам мы адсочваем, што прадукты ў магазінах вытрымліваюцца ў неабходным асартыменце і аб’ёме і паведамляем вытворцам, дзе неабходна павялічваць пастаўкі».

Паводле яго звестак, вытворчасць грэцкіх круп за апошнія гады падвоілася — з 5,4 тыс. тон у 2008 годзе да 12 тыс. тон у гэтым. За восем месяцаў 2010 года грэцкія крупы былі пастаўлены ў аб’ёме больш як 1,1 тыс. тон у месяц. «Зараз ідзе актыўная нарыхтоўка грэчкі на хлебакамбінатах. Грэчка рытмічна пастаўляецца ў гандлёвыя арганізацыі. Я ўпэўнены ў тым, што ніякіх праблем на гэтым тыдні з гэтым таварам не будзе. Хлебакамбінаты маюць магчымасць цалкам забяспечыць рынак гэтым таварам», — падкрэсліў Чаканаў.

Ён заявіў, што з пастаўкамі масла праблем таксама няма. «Вытворчыя магутнасці прадпрыемстваў дазваляюць пастаўляць 30% аб’ёму на ўнутраны рынак і 70% — экспартаваць», — сказаў міністр гандлю. Чаканаў запэўніў, што ў выпадку неабходнасці без праблем можна павялічыць пастаўкі масла.

Паводле слоў намесніка Мінгарвыканкама Уладзіміра Калтовіча, ажыятажны попыт выклікаў рост рэалізацыі грэчкі ў мінскіх магазінах у два-тры разы. Запасы круп сёння складаюць 167 тон пры сярэднясутачных пастаўках ад 20 да 30 тон.