Андрэй Саннікаў: Мой асноўны канкурэнт — Лукашэнка

Кандыдат Саннікаў з’явіўся ля Цэнтрвыбаркаму раніцай у пятніцу.

24.09.2010 / 10:21

Кандыдат Андрэй Саннікаў з’явіўся ля Цэнтрвыбаркаму раніцай у пятніцу. Яго суправаджалі былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, паплечнікі па «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Кобец, Зміцер Бандарэнка, Яўген Афнагель.

Усе ў строгіх касцюмах з гальштукамі. Шушкевіч зазначыў, што падтрымаў Саннікава, бо гэта самы моцны кандыдат з тых, што ёсць. «Дасведчаны, адукаваны, інтэлігентны», — сказаў Станіслаў Станіслававіч.

А вось пра астатніх кандыдатаў ён выказаўся не лепшым чынам. «Калі чалавек за сваё жыццё не стварыў ніводнага працоўнага месца, а зараз абяцае стварыць мільён, то мне гэта смешна, — укол убок Раманчука. А вось пра стасункі з Расіяй Шушкевіч сказаў. — Расія больш не будзе падтрымліваць гэтае цемрашальства ў Беларусі. Расія ідзе да прававой дзяржавы».

Сам Саннікаў сказаў, што ў яго выдатны настрой. І сто тысяч подпісаў для каманды кандыдата не стануць цяжкай праблемай. «Людзі хочуць пераменаў», — кажа палітык. Агулам у яго ініцыятыўную групу запісалася 1831 чалавек.

Хтосьці з журналістаў неасцярожна сказаў, што галоўны канкурэнт Саннікава Аляксандр Мілінкевіч ужо зняўся з выбараў, на што кандыдат адрэагаваў імгненна: «Мой асноўны канкурэнт — Лукашэнка».

Андрэй Саннікаў зазначыў, што ягоная кампанія пройдзе пад лозунгамі «За нармальную Беларусь». «Мы ідзем у палітычную кампаніі па змяшчэнні Лукашэнкі з пасады. Мы павінны змяніць уладу», — лічыць А.Саннікаў.

***

Нагадаем, што падача дакументаў у ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў сканчаецца сёння, а 19-й. Дакументы ад 15 верасня падалі прадпрымальнік Віктар Цярэшчанка, кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, санітарка санаторыя «Чонкі» (Гомельскі раён) Наталля Старыкава, прадпрымальнік Уладзімір Правальскі, намеснік старшыні АГП Яраслаў Раманчук, першы намеснік старшыні Беларуская партыя «Зялёных» Юры Глушакоў, кіраўнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскага плодаагароднінага камбіната Сяргей Рыжоў.

***

Чакаецца, што сёння дакументы пададуць кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч, трохразовы прэзідэнт Беларусі, які пойдзе за чацвертым тытулам Аляксандр Лукашэнка, а таксама беспрацоўны з Мінска Сяргей Іваноў.

Зміцер Панкавец