Як узяць сытуацыю пад жастачайшы кантроль

Фэльетон Лёліка Ушкіна

Адной з адзнакаў стабільнасьці ў краіне ёсьць рэгулярныя заявы фазэра аб тым, што сытуацыя ў той ці іншай галіне пераходзіць пад ягоны асабісты «жастачайшы кантроль».

18.10.2006 / 17:04

Адной з адзнакаў стабільнасьці ў краіне ёсьць рэгулярныя заявы фазэра аб тым, што сытуацыя ў той ці іншай галіне пераходзіць пад ягоны асабісты «жастачайшы кантроль». Фэльетон Лёліка Ушкіна.

На сёньняшні дзень, нагадаю, «жастачайшы кантроль» ужо распаўсюджаны такія грамадзкія зьявы, як: пытаньні занятасьці насельніцтва, выезды дзяцей за межы дзяржавы, гандаль людзьмі, тэндэр на трэцяга апэратара мабільнай сувязі, аўтабізнэс, сацыялягічныя апытанкі, дзейнасьць АБСЭ, сьпіртовая і харчовая кантрабанда, выкананьне загадаў прэзыдэнта, псыхіка Вікці Мароз, дэбюракратызацыя...

Не абышоўся бяз актаў пастаўленьня пад «жастачайшы кантроль» і мінулы тыдзень: калі верыць навінам БТ, цяпер штодня ён будзе выклікаць Сідорскага на дыван, каб даведацца аб рацыёне беларускіх курцоў, коштах на будоўлю і тэмпах нараджальнасьці дзяцей у Беларусі.

Аднак ня можа не пужаць колькасьць тэмаў, якую Ён паставіў на ўлік за такі кароткі тэрмін.

Такімі тэмпамі хутка ў краіне не застанецца ніводнай вобласьці, якая ня трапіла б пад ягоны «жастачайшы кантроль».

Страшна ўявіць, які хаос і дэстабілізец наступіць у насьледак незвычайнай інфляцыі.

Спачатку людзі будуць проста не пазнаваць выпускі БТ:

– Прыкалісь, жонка, ужо трэці дзень Рыгорыч нічога не бярэ пад «жастачайшы кантроль», – скажа абываталь.

Яшчэ праз пару дзён хіханькі і хаханькі саступяць месца падозраньням.

Сайт аб’яднаных грамадзян запусьціць качку аб тым, куды падзеўся прэзыдэнт, а бабкі ў пад’ездах дадуць волю сваім фантазіям:

– Ён, Францаўна, таму нічога не бярэ пад жастачайшы кантроль, што падсеў на лацінаамэрыканскія сэрыялы і зразумеў, што сьветам кіруе каханьне.

Між тым, у Чырвоным доме будзе ісьці нарада за нарадай.

– Ну, што прыдумалі? – сувора пытае ў міністраў гарант паправак у канстытуцыю.

Міністры ўважліва стэнаграфуюць ягоныя словы.

– С-кі, я ў цябе пытаю!

С-кі ўздымае галаву.

– Можа, заўтра наведаць шапік, зрабіць ім галавамыйку і ўзяць пад «жастачайшы кантроль» цэны на «Саўбелку»?

– Ужо бралі ў мінулай пяцігодцы, – кажа сакратарка, праглядзеўшы паперы.

– Тады, можа, цэны на Вашыя партрэты?

Яго прарывае.

– Што-о-о?! Кабінэт адпраўлены ў адстаўку!

Нарэшце новы, трэці за тыдзень, кабмін нешта прыдумляе. На наступны дзень, наведаўшы Маскоўскі выканкам, Ён заяўляе аб «ужастачэньні жастачайшага кантролю» за «жастачайшым кантролем» рэалізацыі ў жыцьці прынцыпу "аднаго акна".

Аднак сытуацыю гэта выратоўвае толькі часова.

Ну, як вам такі сцэнар разьвіцьця падзей?

Жах!!!

Таму трэба хутка рэглямэнтаваць парадак рэчаў у гэтай сфэры, прыняўшы закон «Аб пастаноўцы пад жастачайшы кантроль».

Закон дэталёва ўвядзе квоту пастаноўкі колькасьці аб’ектаў на тыдзень і ў месяц. Такім чынам, зможам захаваць грамадзкі парадак як мінімум да 2020 г.

А там новая хваля навукова-тэхнічнага прагрэсу дасьць шмат новых тэмаў. Напрыклад, у 2034 г. пад «жастачайшы кантроль» можа быць узяты продаж патрыманых касьмічных ракетаў...