Пасажырскі аўтобус згарэў у Гомельскай вобласці: ахвяраў няма

Аўтобус вёз чаўнакоў з Хмяльніцкага.

04.10.2010 / 12:49

Двухпавярховы пасажырскі аўтобус загарэўся 3 кастрычніка каля вёскі Дабрынь Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Ахвяраў няма.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Руслан Габрылёў.

Аўтобус ехаў па міжнародным маршруце Хмяльніцкі — Магілёў, у ім знаходзіліся 68 чалавек.

Пасля узгарання аўтобуса ўсе пасажыры пакінулі салон самастойна, ніхто з іх не пацярпеў, па дапамогу да медыкаў не звярталіся. Ратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, лакалізавалі агонь.

Усе пасажыры былі дастаўленыя дадатковым транспартам у Магілёў.

Прычынай узгарання аўтобуса стала кароткае замыканне электраправодкі,

у выніку чаго агонь знішчыў салон пасажырскага транспарту. Вядома, што аўтобус маркі «Vanhool» 1996 года выпуску належаў індывідуальнаму прадпрымальніку з Гомеля.