Чавес паабяцаў Беларусі нафты на 200 гадоў наперад

Лукашэнка — Чавесу: Клянуся, мы для Венесуэлы зробім столькі, што ты ніколі не пашкадуеш.

16.10.2010 / 13:12

Адкрываючы перамовы з Уга Чавесам у вузкім фармаце 16 кастрычніка ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць венесуэльскаму лідару за дапамогу, якую Венесуэла аказвае Беларусі.

«Я ўдзячны табе не толькі за нафту і іншыя пастаўкі, але і за сонца, якое ты нам прывёз», — сказаў Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што Чавес уклаў «шмат сваёй кіпучай энергіі, свайго сэрца ў будаўніцтва незалежнай Беларусі».

«Не хачу быць тваім даўжніком не толькі ў матэрыяльным сэнсе. Я табе клянуся, што мы для Венесуэлы зробім столькі, што ты ніколі не пашкадуеш, што з намі звязаўся», — заявіў Лукашэнка.
У сваю чаргу Чавес таксама выказаў удзячнасць беларускаму прэзідэнту за дапамогу і падтрымку, якую Беларусь аказвае Венесуэле.

Кажучы аб пастаўках нафты, Чавес зазначыў: «Мы ведаем, што вашы НПЗ маюць патрэбу ў нафце. У Венесуэлы самыя вялікія запасы нафты.

У беларускіх НПЗ не будзе дэфіцыту нафты на працягу 200 гадоў», — сказаў Чавес.

Прэзідэнт Венесуэлы падкрэсліў:

«Тут няма даўжнікоў, мы — таварышы». «Мы сумесна будуем альтэрнатыву сусветнаму імперыялізму», — сказаў ён.

Уга Чавес зазначыў, што на перамовах у фармаце «сам-насам», якія доўжыліся тры з паловай гадзіны, ён абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам «новыя механізмы» супрацоўніцтва дзвюх краін.

У перамовах двух лідараў у вузкім складзе з беларускага боку бяруць удзел міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, а таксама памочнік прэзідэнта па асаблівых даручэннях Віктар Шэйман.