Букмекераў свету не цікавяць выбары ў Беларусі

У свеце прымаюцца стаўкі на парламенцкія выбары ў Велікабрытаніі, а таксама выбары прэзідэнта ЗША і мэра Масквы.

19.10.2010 / 22:56

Тыя, хто цалкам упэўненыя у выніках беларускіх прэзідэнцкіх выбараў, усё яшчэ не могуць зарабіць на дакладнасці сваіх прагнозаў.

Букмекерскія канторы ўсё яшчэ не стварылі ніводнай лініі, датычнай вынікаў нацыянальнага галасавання.
Чакаць гэтага ад беларускіх кантор было б наіўным, хоць заканадаўства і не забараняе ім прымаць стаўкі.

Няма рэакцыі на беларускія выбары і ў свеце. Напрыклад, адна з найбуйнейшых букмекерскіх кантор у свеце, англійская William Hill з усіх палітычных падзей абрала лініі, датычныя выбараў у Велікабрытаніі і ЗША.

Фаварытам у Амерыцы з'яўляецца дзейсны прэзідэнт Барак Абама. Паставіўшы на яго $100, можна атрымаць $200 пры ягонай перамозе.

Выбары ў Велікабрытаніі прадугледжваюць большую разнастайнасць ставак, сярод іх такія як угадванне новага лідару кансерватараў ці мэру Лондана.

Расійскія сайты, у сваю чаргу, прымаюць прагнозы наконт прызначэння новага мэра Масквы. Сярод кандыдатаў Сяргей Сабянін, Сяргей Шайгу і нават Валянціна Мацвіенка.

Разам з тым варта прызнаць, што

беларусы не цураюцца палітычных прагнозаў.
Стаўкі на вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне карысталіся папулярнасцю і ў нашай краіне. Паміж Юліяй Цімашэнкай і Віктарам Януковічам беларусы ставілі на перамогу першай, якая, нагадаем, атрымала паразу.

ЯВ