Навучэнец гомельскага каледжа распаўсюджваў у лакальнай сетцы дзіцячую парнаграфію

25.10.2010 / 14:59

Навучэнец Гомельскага політэхнічнага каледжа падазраецца ў распаўсюджванні парнаграфіі з удзелам непаўналетніх і малалетніх. 22 кастрычніка ў дачыненні да яго была распачата справа на падставе арт. 343-1 КК (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў).

Як паведамілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, міліцыя ўстанавіла, што 19-гадовы навучэнец каледжа, які зарэгістраваўся пад нікам katalizator, з верасня па снежань 2009 года з мэтай давання карыстальнікам сеткі магчымасці запампоўвання размясціў на накапляльніку цвёрдага магнітнага дыска персанальнага камп'ютэра ў папцы свабоднага доступу для неабмежаванай колькасці карыстальнікаў відэафайл. Паводле заключэння эксперта, гэтае відэа з'яўляецца парнаграфічным, і ў ім задзейнічаны непаўналетнія і малалетнія.

Артыкул 343-1 КК прадугледжвае ў якасці пакарання грамадскія работы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт да трох месяцаў.