Чорны Пальма
Кіно на выходныя
1947 год. Два паліцэйскія расьсьледуюць забойства акторкі. Вышук прыводзіць іх у галівудзкі багаты дом, да каханак – і ўзаемнага выкрыцьця...
26.10.2006 / 16:22
Чорная архідэя (Black Dahlia).
ЗША–Нямеччына, 2006, каляровы з чорна-белым, 120 хв.
Жанр: фільм-нуар паводле раману Джэймза Элроя.
Адзнака: 5,5 (з 10).
1947 год. Два паліцэйскія расьсьледуюць забойства акторкі. Вышук прыводзіць іх у галівудзкі багаты дом, да каханак – і ўзаемнага выкрыцьця...
Карціна Браяна Дэ Пальмы – спроба вярнуцца ў залатыя часы фільмаў нуар. Росквіт чорных карцінаў прыйшоўся на саракавыя гады, калі людзі добра памяталі Вялікую Дэпрэсію й гангстэрызм. Эталёны фільмаў нуар – «Мальтыйскі сокал» з Гэмфры Богардам і «Падвойная страхоўка». У 70-я Раман Палянскі паўтарыў посьпех чорных карцінаў стужкаю «Кітайскі квартал».
Нарэшце, да жанру зьвярнуўся й майстар трымценьнікаў Браян Дэ Пальма.
Атмасфэра ў такіх фільмаў змрочная, фатальна-пэсымістычная, асьвятленьне начное. Учынкі працятыя здрадай і жарсьцямі. Герой не адрозьніваецца ад антыгероя, а жанчына – спакушальна-цынічны вораг.
Усё гэта ў фільме Дэ Пальмы ёсьць.
Нуараўскі крымінальны трохкутнік ускладнены «раманам» зь мёртвай акторкай, якае мае жывога двайніка – чарняўку з шыкоўнымі валасамі (Гілары Сўонк). Процілегласьць ёй – фатальная бляндынка (стылёва-выкшталцоная ігра Скарлет Ёхансан). Здрада пакрывае здраду, падман ідзе за падставай.
Браян Дэ Пальма ўдала грае з эпохаю, Галівудам і жанрам.
Але ў сэрцы «Чорнае архідэі» – далікатная імітацыя. Джош Гартнэт і Аарон Экгарт – ня Гэмфры Богард. А фраза «Ты мяне хочаш трахнуць, а не забіць» у вуснах фатальнае прыгажуні – не адпавядае аўры саракавых.