Аўтограф-сесія Азаранкі і Вазняцкі сарваная: АМОН не стрымаў натоўпу дзяцей

19.11.2010 / 19:09

А 17.30 у мінскім Палацы спорту мусіла адбыцца аўтограф-сесія першай ракеткі свету Каралін Вазняцкі і дзесятай ракеткі свету, беларускі Вікторыі Азаранкі. На корт паставілі два сталы, укрытыя ручнікамі, паклалі на іх буклеты і календары, на якіх зоркі тэнісу мусілі распісвацца.

Калі тэнісісткі выйшлі даваць аўтографы, да сталоў хлынуў натоўп дзяцей і падлеткаў. Тры амонаўцы, што сачылі за парадкам на корце, ці то разгубіліся, ці то абыякава паставіліся да сваіх функцый, аднак арганізаваць дзяцей не змаглі. Ля тэнісістак пачаўся хаос і цісканіна.

Вікторыя Азаранка двойчы спрабавала заклікаць сваіх прыхільнікаў да парадку, але яе было дрэнна чутно за грукатам поп-музыкі.

Урэшце тэнісісткі ўсталі і сышлі.

Аўтограф-сесія цягнулася ўсяго хвіліны дзве,
адзначаюць відавочцы. Стосы календароў засталіся не падпісаныя.

nn.by