Рымашэўскага і Статкевіча пакуль не чапалі

Ніякіх санкцый у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты, якія арганізавалі сустрэчу з выбаршчыкамі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Мінска, пакуль не прыменена.

25.11.2010 / 11:45

М. Статкевіч, З. Дашкевіч, П. Севярынец і В. Рымашэўскі падчас мітынгу на прыступках ДК прафсаюзаў, фота Ю. Дарашкевіч.

Ніякіх санкцый у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты, якія арганізавалі сустрэчу з выбаршчыкамі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Мінска, пакуль не прыменена.

Акцыя праводзілася ў знак пратэсту супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў чарговых прэзідэнцкіх выбарах і была прымеркавана да 14-й гадавіны канстытуцыйнага рэферэндуму, ініцыяванага ім. Мерапрыемства прайшло ў фармаце сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдатаў у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева.

Кастрычніцкая плошча Мінска не з’яўляецца дазволеным месцам для агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты. За публічныя заклікі да выбаршчыкаў прыйсці на плошчу Рымашэўскі і Статкевіч атрымалі афіцыйныя папярэджанні Генеральнай пракуратуры і могуць быць пазбаўлены кандыдацкага статусу.

Як паведаміла давераная асоба Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец,

санкцыі ў дачыненні да Рымашэўскага за правядзенне гэтай акцыі Цэнтрвыбаркам будзе абмяркоўваць 30 лістапада.

«Наша прадстаўніца ў ЦВК Таццяна Шапуцька атрымала тэлеграму аб тым, што яна выклікана на гэта пасяджэнне. Таксама там будзе прысутнічаць і Рымашэўскі», — паведаміў Севярынец.

Паводле яго слоў, папярэджанне пракуратуры ніяк не адбілася на графіку выступленняў і сустрэч Рымашэўскага. «Сёння ён, як і абяцаў, сустрэнецца ў 18.00 з выбаршчыкамі каля ўваходу на чыгуначны вакзал Мінска. Яго давераныя асобы правядуць сустрэчы ў рэгіёнах, акрамя таго, мы развязем па рэгіёнах наклад каляровых улётак у падтрымку Рымашэўскага, якія нам надрукавалі са спазненнем», — сказаў Севярынец.

Яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты і арганізатар акцыі 24 лістапада

Мікалай Статкевіч заявіў, што ніякага папярэджання пракуратуры ён не атрымліваў.

«Усе пісалі аб тым, што папярэджанне мне вынесена. Але афіцыйна гэтага папярэджання ў мяне на руках няма. Прыходзілі нейкія людзі, спрабавалі мне ўсунуць нейкія паперкі… У мяне сваіх паперак хапае, навошта мне яшчэ адна», — заявіў палітык.

Паводле слоў Статкевіча, пакуль ніякіх санкцый да яго і яго каманды прыменена не было.