Польшча гатова прыняць студэнтаў, адлічаных у ВНУ за ўдзел у акцыі 19 снежня

28.12.2010 / 17:50

Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Барбара Кудрыцка заклікала польскія ўніверсітэты разгледзець магчымасць прыёму на бясплатную вучобу студэнтаў, адлічаных з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі «за ўдзел у дэманстрацыях супраць цяперашняга рэжыму».

Аб гэтым паведамляе 22 снежня афіцыйны сайт Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы.

«У святле дзеянняў уладаў Беларусі, якія выклікаюць неспакой і заключаюцца ў парушэнні асноўных грамадзянскіх правоў і свабод, з-за пераследу, які таксама закранае людзей навукі і студэнтаў, я заклікаю польскія ўніверсітэты, для якіх свабода з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, праявіць акадэмічную салідарнасць», — заявіла Кудрыцка.

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы ў сваю чаргу выказала гатоўнасць аплаціць пражыванне беларускіх студэнтаў у Польшчы, а таксама пры садзейнічанні польскага Міністэрства замежных спраў аказаць ім падтрымку ў вырашэнні «арганізацыйных пытанняў».