Тунісцы распраўляюцца са зненавіднымі сваякамі экс-прэзідэнта

У прыватнасці, былі затрыманыя кіраўнік прэзідэнцкай аховы, а таксама зяць прэзідэнта.

16.01.2011 / 18:43

Пляменнік жонкі экс-прэзідэнта Туніса Імеды Трабельсі памёр у бальніцы ад нажавых раненняў, паведамляе ў нядзелю AFP са спасылкай на персанал вайсковага шпіталя Туніса. Прэзідэнт Бэн Алі ўчора вылецеў самалётам у Саудаўскую Аравію.

Прэзідэнт Бэн Алі на ТВ звінаваціў дэструктыўныя элементы ў беспарадках, але праз гадзіну ўцёк з краіны.

Адзін з работнікаў медустановы паведаміў, што Трабельсі, які лічыўся улюбёнцам сярод шматлікіх пляменнікаў Бэн Алі, быў дастаўлены ў шпіталь з нажавымі раненнямі пару дзён назад і памёр у пятніцу. Абставіны інцыдэнту, пры якіх сваяк прэзідэнта атрымаў смяротныя раненні, не ўдакладняюцца, аднак, паводле адной з версій, з ім «звёў рахункі» былы дзелавы партнёр.

Такім чынам, Трабельсі, які зарабіў мільёны на аперацыях з нерухомасцю і супрацоўнічаў з буйной французскай гандлёвай сеткай Conforama, стаў першай ахвярай у найбліжэйшым атачэнні экс-прэзідэнта Туніса ад пачатку беспарадкаў ў краіне ў сярэдзіне снежня 2010 года.

Раней у пятніцу на фоне бесперапынных выступаў, якія набылі антыпрэзыдэнцкі характар, Зін аль-Абідын Бэн Алі збег з Туніса ў Саудаўскую Аравію. Частка сваякоў звергнутага туніскага правадыра, у тым ліку яго жонка, выляцелі ў Арабскія Эміраты.

У суботу пачалі паступаць паведамленні пра арышты сваякоў і набліжаных звергнутага правадыра. У прыватнасці, былі затрыманыя кіраўнік прэзідэнцкай аховы Алі ас-Сараяці, а таксама зяць прэзідэнта Салім Шайбуб, паведамляе РІА «Навіны».

Іх абвінавацілі ў распальванні насілля і стварэнні пагрозы нацыянальнай бяспецы. Мяркуецца, што гэта яны арганізоўвалі пагромы і рабаванні, каб дэстабілізаваць сітуацыю і даць падставы для гвалтоўнага здушэння пратэстаў.

У многіх раёнах Туніса ў суботу пачалі стварацца народныя камітэты па абароне ад дзеянняў рабаўнікоў і пагромшчыкаў. Шэраг назіральнікаў абвінавачваюць у бясчынствах прыхільнікаў уцекача-прэзідэнта.

У сталіцы — Тунісе — становішча застаецца трывожным. Зачыненыя крамы, кавярні і банкі. У мэтах забеспячэння парадку ў сталіцы дзяжураць вайсковыя падраздзяленні, уведзены танкі. У крамах стаяць доўгія чэргі ахвотных купіць хлеб.

Выконваючы абавязкі прэзідэнта Туніса, старшыня парламента краіны ў суботу даручыў прэм’ер-міністру Махамеду Ганушы сфармаваць новы кааліцыйны ўрад. Аб сваім намеры ўзяць удзел у палітычным жыцці абвясцілі многія вядучыя апазіцыйныя дзеячы.

СГ