Сваякоў вязняў КДБ прынялі ў амбасадзе Вялікабрытаніі

18.01.2011 / 11:19

Сваякі палітвязняў 17 студзеня сустрэліся з амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас.

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленне» Вольга Бандарэнка, Мілана і Алена Міхалевіч, Ульяна Кобец і Ала Уладзіміраўна Саннікава распавялі пра лёс сваіх родных, арыштаваных пасля разгону мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня. У амбасадзе ім быў аказаны цёплы і сардэчны прыём, а спадарыня Амбасадар выказала разуменне і падтрымку сем’ям.

Сваякі вязняў КДБ распавялі прадстаўніку Вялікабрытаніі аб абуральна лісце амбасадара Беларусі ў Лондане, які бессаромна сцвярджае аб нібыта «курортных» умовах ўтрымання палітвязняў.

Спадарыня Томас запэўніла, што ўрад Вялікабрытаніі прыкладае ўсе сілы для вызвалення вязняў і прымае адпаведныя рашэнні. Урад каралеўства з вялікай заклапочанасцю сочыць за развіццём сітуацыі ў нашай краіне.