Барыс Гарэцкі: Нас асабіста сустракаў начальнік Акрэсціна

01.02.2011 / 10:48

Выйшаў на волю журналіст Радыё Рацыя Барыс Гарэцкі, асуджаны за ўдзел у «несанкцыянаваным мітынгу» 19 снежня на 14 сутак. Ён падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі пра тыя падзеі, якія з ім надарыліся.

— Першыя суткі я знаходзіўся з хлопцамі, якіх некалькі разоў выклікалі да следчых, збівалі моцна, я знаходзіўся ў РАУСе. Пасля гэтага нас даставілі на Акрэсціна, пакармілі толькі на трэці дзень. Нейкай асаблівай крыўды на тых, хто мяне затрымліваў, не трымаю. Больш 10-ці прадстаўнікоў СМІ перадавалі мне перадачы, штодня прыходзілі газеты, часопісы.

— Якія ўмовы ўтрымання ў беларускай турме? Якія былі адносіны да цябе?

— Адносіны былі нармальныя. Як звычайна: у 6 гадзінаў пад’ём, прыборка камеры, сняданак.

— Гэта ў цябе быў першы вопыт такога выпрабавання?

— Не, гэта не першы, таму было каго вучыць.

— Як адчуваеш сябе? Як здароўе?

— Адчуваю сябе я нармальна. Ніякіх праблем са здароўем не было. Зараз там кожны дзень медычны агляд.

— Як час цягнуўся ў камеры?

— Час ішоў даволі хутка. Я сядзеў з былым супрацоўнікам міністэрства замежных спраў. Якога таксама вылічылі па тэлефоне і пасадзілі на суткі. Ну і пісалі.

— Ці даходзіла да цябе інфармацыя пра тыя акцыі салідарнасці, якія былі арганізаваныя нашым радыё?

— Канешне, падтрымка адчувалася. У газетах пісалі. Асаблівае стаўленне з боку супрацоўнікаў міліцыі, напэўна, было. Нас адразу, у першы день, сустрэў начальнік гэтай установы. Мы сядзелі асобна ад крыміналітэта.