Сяргей Карніленка — у англійскай прэм'ер-лізе

Форвард нацыянальнай зборнай па футболе будзе гуляць у «Блэкпуле» да заканчэння сезона.

01.02.2011 / 11:17

Як паведамлялася, форвард нацыянальнай зборнай па футболе Сяргей Карніленка працягне кар’еру ў «Блэкпуле».
Гэты клуб прэм’ер-лігі, які вярнуўся ў мінулым годзе ў эліту англійскага футбола пасля 39-гадовага перапынку, арандаваў беларускага форварда ў піцерскага «Зеніта» да заканчэння гэтага сезона.

А наогул «Блэкпул» — адзін з найстарэйшых ангельскіх клубаў. Ён быў заснаваны ў 1887 годзе, матчы праводзіць на стадыёне «Блумфілд Роўд». Традыцыйныя колеры каманды — аранжава-белыя, адсюль і мянушка — «мандарынавыя». Футбалістаў «Блэкпула» часам таксама называюць «прыморцамі» праз месцазнаходжанне гэтага горада з насельніцтвам у 143 тысячы чалавек. Блэкпул размешчаны на захадзе Англіі ў графстве Ланкашыр на беразе Ірландскага мора.

Трэніруе новую каманду Сяргея Карніленкі 47-гадовы ангелец Ен Холаўэй — адзін з найбольш яркіх і спрытных на язык настаўнікаў. У першынстве ангельскай прэм’ер-лігі «Блэкпул» набраў 28 ачкоў у 23 матчах і займае 12-е месца сярод 20 удзельнікаў.

Пераход 27-гадовага Карніленкі ў «Блэкпул» адбыўся 31 студзеня за паўтары гадзіны да закрыцця трансфернага акна — у Беларусі ў гэты час ужо надышло 1 лютага. Дарэчы, на афіцыйным сайце англійскай каманды асабліва падкрэсліваецца, што менавіта Сяргей Карніленка быў аўтарам пераможнага голу зборнай Беларусі ў таварыскім матчы са зборнай Англіі-В, які адбыўся ў траўні 2006 года і завяршыўся перамогай нашай каманды — 2:1.

«Сяргей даўно марыў гуляць у Англіі. Нарэшце яго мара спраўдзілася,

 — сказаў у інтэрв’ю расійскаму агенцтву РІА „Навіны“ агент футбаліста Алег Арцёмаў. — Ён прыкладзе ўсе сілы, каб заявіць пра сябе вельмі гучна ў ангельскім чэмпіянаце».

Па словах агента, перамовы першапачаткова былі толькі пра арэнду гульца, а не пра паўнавартасны пераход: «У Сяргея добры шанец паказаць сябе ў Англіі, і я спадзяюся, ён яго скарыстае. А ўжо пасля пяці месяцаў будзем размаўляць далей з іншымі клубамі.

Арцёмаў таксама расказаў, што Карніленкам цікавіліся яшчэ некалькі камандаў, але яны з 27-гадовым віцяблянінам спынілі выбар на «Блэкпуле», які выказаў найбольшае жаданне бачыць у сваіх шэрагах Сяргея. «У Карніленкі ўжо была размова з Енам Холаўэем, — падзяліўся інфармацыяй прадстаўнік футбаліста. — Нават малявалі гульнявыя схемы, тлумачылі Сяргею, што яго чакае. Цяпер ён будзе займацца атрыманнем працоўнай візы: паляціць у Мінск, а потым — назад у Англію».

Верагодней за ўсё, дэбют Карніленкі ў складзе «Блэкпула» адбудзецца не раней чым праз тры тыдні. «Сяргей будзе займацца індывідуальна з трэнерам, англійскі сезон у разгары, а нашы каманды толькі набіраюць форму на зборах. Думаю, тыдні праз тры Карніленка набярэ аптымальную кандыцыю і тады выйдзе на поле ў форме «Блэкпула», — канстатаваў Алег Арцёмаў.

Нагадаем, што «Блэкпул» — восьмы клуб у кар’еры Сяргея Карніленкі. Да гэтага ён абараняў колеры віцебскага «Лакаматыва-96», мінскага і кіеўскага «Дынама», днепрапятроўскага «Дняпра», томскай «Томі», піцерскага «Зеніта» і казанскага «Рубіна». Карніленка — чэмпіён Украіны, прызёр чэмпіянатаў Беларусі, Украіны і Расіі. За зборную Беларусі (з улікам матчу Беларусь — Англія-В) згуляў 45 матчаў і забіў 10 галоў.