А таксама трэцяя па росту цэнаў
01.02.2011 / 12:11
Беларусь заняла трэцяе месца сярод рэспублік былога СССР па росце спажывецкіх цэн у 2010 годзе. Пра гэта сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.
На першай пазіцыі Кыргызстан, дзе за год (снежань да снежня) цэны павялічыліся на 19,2%. За ім ідуць Грузія (11,2%), Беларусь (9,9%), Таджыкістан (9,8%), Арменія (9,4%). За пяцёркай лідараў — Украіна (9,1%), Расія (8,8%), Малдова (8,1%), Казахстан (7,8%), Азербайджан (7,6%), Узбекістан (7,3%), Эстонія (5,7%), Туркменістан (4,8%), Літва (3,8%) і Латвія (2,5%).
У снежні 2010 года цэны ў Беларусі павялічыліся на 1%. Гэта шосты паказчык пасля Кыргызстана (2,4%), Арменіі (1,8%), Азербайджана (1,4%), Малдовы (1,3%) і Расіі (1,1%). Ніжэй, чым у Беларусі, цэны ўзраслі ў Таджыкістане (0,9%), Літве, Украіне (па 0,8%), Казахстане (0,7%), Грузіі, Эстоніі (па 0,5%) і Латвіі (0,1%). Няма звестак па Туркменістане і Узбекістане.
У 2009 годзе Беларусь заняла другое месца сярод рэспублік былога СССР па росце спажывецкіх цэн (10,1%), у першым квартале 2010 года — 9-е, па выніках першага паўгоддзя — 5-е, трох кварталаў — 4-е.
Па росце цэн у 2008 годзе Беларусь з 13,3% раздзяліла чацвёртае месца з Расіяй, у 2007-м з 12,1% заняла восьмае месца, у 2006-м з 6,6% — дзясятае.