Павел Шарамет будзе весці новую судовую праграму «Прыгавор» на РЕН-ТВ

08.02.2011 / 10:34

Вядомы журналіст Павел Шарамет будзе весці новае судовае ток-шоу «Прыгавор» на расійскім канале РЕН-ТВ.

Як паведаміў Шарамет у інтэрв’ю БелаПАН, праграма будзе выходзіць кожную нядзелю, а 17.00 па маскоўскім часе. Прэм’ера ток-шоу адбудзецца 20 лютага.

«Гэта праграма пра тых, хто ўчыніў злачынства, знаходзіцца ў зняволенні і можа прэтэндаваць на датэрміновае вызваленне»,
 — зазначыў журналіст. «Вялікае журы» з 12 прысяжных будзе слухаць паказанні героя праграмы, два эксперты дадуць сваю прафесійную псіхалагічную ацэнку ўбачанаму. Яны і будуць вырашаць, ці можа гэты чалавек быць вызвалены датэрмінова. У выпадку станоўчага рашэння герой праграмы можа быць рэальна вызвалены па хадайніцтве канала.

Праектам кіруе намеснік галоўнага рэдактара РЕН-ТВ, аўтар і вядучая праграмы «Неделя» Марыяна Максімоўская.

Паводле слоў Шарамета, стваральнікі праграмы ўжо наведалі некалькі калоній у Сібіры, у тым ліку строгага рэжыму, для мужчын і для жанчын. Сярод герояў будучых перадач — жанчына, асуджаная за забойства маці; жанчына-наркаманка і рабаўніца; жанчына-наркакур’ер; мужчына, асуджаны за згвалтаванне; мужчына, які забіў сына, і іншыя. «Ёсць людзі, асуджаныя на 25 гадоў, ёсць на чатыры-пяць гадоў», — паведаміў вядучы новай праграмы.

***

Павел Шарамет — вядомы ў Беларусі і Расіі тэлежурналіст. Да 1992 года працаваў у аддзеле валютных аперацый аднаго з банкаў, пазней — кансультантам эканамічных праграм Беларускага тэлебачання. У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускага бюро ОРТ (зараз — Першы канал) і ўласным карэспандэнтам ОРТ па Беларусі.

У ліпені 1997 года падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, пры гэтым правёў у турме тры месяцы.

У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм «Новости» і «Время» дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 года заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время».

У маі 2009 года Шарамет перайшоў на працу ў выдавецкі дом «Коммерсантъ» на пасаду рэдактара аддзела палітыкі часопіса «Огонек». 29 сакавіка 2010 года пазбаўлены беларускага грамадзянства з-за таго, што мае грамадзянства РФ.