Сідарэвіч: Якубовіч сам майстар прыняць на грудзі, а Някляеў ніякі не алкаголік
10.02.2011 / 13:46
Не чытаю тэксты Паўла Якубовіча. Разам з Паўлам Ізотавічам я працаваў у «Крыніцы» — «Роднике». Назваць яго журналістам не магу. Калі паўтараць словы Антона Луцкевіча, дык магу сказаць, што «не можна чакаць ад рэпарцёра, каб стаў журналістам па заказу».
Не чытаў я і сачыненне Якубовіча ў «Саўбелцы» з нагоды падзеяў 19 снежня. Менавіта сачыненне, менавіта з нагоды, бо з ранейшага досведу ведаю, што Павел Якубовіч умее сачыняць «з нагоды» («по случаю»).
І вось чытаю ў апошнім нумары «Народнай Волі» нататкі Віктара Дашука, і ў самым postscriptum’е спатыкаюся на такое: Якубовіч у тым сваім сачыненні сцвярджае, што «В. Некляев в прошлом — фактически алкоголик».
Віктар Дашук, як былы сабутэльнік Уладзіміра Някляева і Паўла Якубовіча, сведчыць: Якубовіч «пил не меньше, чем Некляев, а часто — и намного больше!».
Сведчу і я: цяперашні «сенатар» і галоўрэд быў майстар «прыняць на грудзі». (Між іншым, я стараўся пазбягаць выпівак з Якубовічам: мне не падабаўся яго пошлы гумар.)
Але я пра іншае.
Алкагалізм — дыягназ. Хвароба. І страшная, нават брыдкая хвароба. Асабліва для родных і блізкіх алкаголіка, ягоных сяброў.
Не буду распінацца, каб давесці,
што Уладзімір Някляеў алкаголікам ніколі не быў.
Ягоныя публічная дзейнасць, творчасць і творы — найлепшы доказ гэтага. Затое я сцвярджаю, што Якубовіч узвёў паклёп на чалавека. І Уладзімір Някляеў пры жаданні можа ўчыніць пазоў паклёпніку. Але я чамусьці ўпэўнены, што паэт не будзе пэцкацца, пішучы пазовы ды заявы. А Якубовіч ўпэцкаўся чарговы раз.