У дзяржСМІ разасланыя прозвішчы, якія забаронена згадваць?
Разам з «Ляпісамі», «NRM» і Іпатавай — Джуд Лоў, ДДТ і Том Стопард.
02.03.2011 / 23:59
У «Нашу Ніву» электроннай поштай даслалі паперу, якая ўяўляе сабой спіс забароненых да згадвання ў афіцыйных СМІ дзеячоў беларускага і сусветнага мастацтва. Тая самая папера гуляе ў Фэйсбуку.
Паводле інфармацыі таго супрацоўніка аднаго з афіцыйных СМІ, які даслаў нам гэты дакумент, дадзеную паперку без пячатак і без подпісаў пад распіску выдалі ўсім рэдактарам найбуйнейшых беларускіх афіцыйных СМІ і FM-радыёстанцый. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», асоба, якая разаслала гэты дакумент і першай выставіла яго ў Фэйсбук, сапраўды працуе ў адным з такіх СМІ. Наш карэспандэнт выйшаў на кантакт з гэтай асобай і паразмаўляў.
У спіс уключаны беларускія, расійскія і заходнія прадстаўнікі кіно, музыкі, мастацтва. Сярод іх — «Ляпіс Трубяцкі», «Крама», NRM, «Палац», «Нейра Дзюбель», Зміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, увесь калектыў «Свабоднага тэатра», пісьменнікі Вольга Іпатава, Генадзь Бураўкін, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімір Халіп.
З расійскіх зорак — ДДТ, «Наіў», «Тараканы», пісьменнік Андрэй Бітаў, Віктар Ерафееў, з заходніх кіназорак — Джуд Лоў, Кевін Спэйсі ды інш, драматург Том Стопард.
Што да расійскіх і заходніх дзеячаў мастацтва, то яны апошнім часам выказваліся ў падтрымку свабодаў у Беларусі і палітзняволеных.
Цяжка сказаць, ці гэта праўдзівая інфармацыя. Падазрэнне выклікае той факт, што многія са згаданых замежных творцаў маюць мала значэння для Беларусі. Акрамя таго, цыркуляры ў Беларусі афармляюцца іншым чынам.
Звяртае ўвагу, што вялікае месца ў гэтым спісе займаюць артысты Свабоднага Тэатра і замежныя артысты, якія выступілі ў падтрымку беларускага Свабоднага Тэатра.
Паводле звестак «Нашай Нівы», асоба, якая распаўсюдзіла гэты спіс, ніяк не звязана са Свабодным Тэатрам.