Марэк Сікора: «Дынама» правяло адзін з найлепшых матчаў сезона
04.03.2011 / 12:02
Шосты матч чвэрцьфінальнай серыіплей-оф Заходняй канферэнцыі КХЛ супраць яраслаўскага «Лакаматыва» стаў для мінскага «Дынама» адным з найлепшых у сезоне, заявіў галоўны трэнер беларускай каманды Марэк Сікора напрэс-канферэнцыі пасля заканчэння сустрэчы.
3 сакавіка ў Мінску дынамаўцы зраўнавалі лік у серыі, перамогшы саперніка 5:3 (3:1, 1:1, 1:1). «Думаю, што балельшчыкі ўбачылі добры хакей, асабліва з боку „Дынама“. Былі кідкі, барацьба, галы, бойкі — добры вечар», — сказаў Сікора. Паводле яго слоў, было некалькі трывожна, калі ў пачатку трэцяга перыяду яраслаўцы скарацілі разрыў да мінімуму (3:4), але ў сярэдзіне перыяду Глазачаў закінуў «прыгожую шайбу».
Вырашальны матч адбудзецца 5 сакавіка ў Яраслаўлі. Сікора выказаў надзею, што складаней прыйдзецца «Лакаматыву», які як пераможца Заходняй канферэнцыі лічыцца фаварытам пары.
Пытанне, ці няма боязі за ўзровень судзейства ў Яраслаўлі, выклікала ў Сікоры ўсмешку. Пасля паўзы ён адказаў: «Не баюся». «Я толькі ўсміхаюся», — дадаў галоўны трэнер гасцей Уладзімір Вуйтэк.
Паводле яго слоў, гледачы ўбачылі ў Мінску не такі закрыты хакей, як 1 сакавіка ў Яраслаўлі. Вуйтэк лічыць, што ў «Дынама» жадання перамагчы было больш. Ён павіншаваў Сікору з «заслужанай перамогай», адзначыўшы, што для «Лакаматыва» яшчэ нічога не страчана.
Марэк Сікора паведаміў, што «Дынама» збярэцца 4 сакавіка ў 11 гадзін, паабедае і вылеціць у Яраслаўль, дзе вечарам правядзе трэніроўку і паглядзіць матч «Нафтахімік» — «Авангард» (чвэрцьфінал Усходняй канферэнцыі). Раніцай 5 сакавіка — катанне і перадматчавы сход.