Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення аб будаўніцтве АЭС

Таксама плануецца падпісанне пагаднення аб паралельнай працы энергасістэм Беларусі і Расіі.

14.03.2011 / 22:16

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі з улікам зменаў прынцыповага характару, унесеных у выніку правядзення перамоў з расійскім бокам. Адпаведны ўказ падпісаны прэзідэнтам 14 сакавіка, паведамляе яго прэс-служба.

Як перадавалася раней, міжурадавае пагадненне плануецца падпісаць 15 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні Саўміна cаюзнай дзяржавы. Таксама падчас пасяджэння плануецца падпісанне пагаднення аб паралельнай працы энергасістэм Беларусі і Расіі.

Ужо ў маі бакі маюць намер падпісаць кантрактнае пагадненне, а не пазней за чэрвень — крэдытнае пагадненне паміж міністэрствамі фінансаў дзвюх краін.

Мяркуецца, што ў верасні 2011 года пачнецца будаўніцтва катлавана на пляцоўцы, дзе будзе ўзведзена АЭС.