Невядомы абвінавачаны па справе 19 снежня: праграміст паўтара месяца ў СІЗА КДБ

17.03.2011 / 16:55

Мінчук Андрэй Пратасеня — невядомы дагэтуль абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках.
29-гадовы праграміст быў затрыманы 9 лютага. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, адкуль ужо даслаў тры лісты бацькам.

Пра гэта паведаміў брат Андрэя — Аляксандр Пратасеня.

Паводле яго словаў, Андрэй абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 КК — «актыўны ўдзел у масавых беспарадках», якія быццам бы мелі месца ў сталіцы 19 снежня. На Плошчы ён сапраўды прысутнічаў. Але ніякіх гвалтоўных дзеянняў не ўчыняў, а неўзабаве бесперашкодна сышоў дадому. «Як адбылося затрыманне Андрэя 9 лютага, я не ведаю, у той дзень мы з братам не бачыліся, — кажа Аляксандр. — Магчыма, яго запрасілі на нейкую гутарку альбо іншым чынам выманілі з дому, а потым ён быў затрыманы. Ведаю толькі, што гэта адбылося не дома».

Брат вязьня паведаміў таксама, што вечарам 9 лютага на кватэры іх бацькоў быў праведзены ператрус, пасля якога Андрэя забралі ў КДБ.